Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане плануецца рэформа швейцарскай гвардыі
Дзяржава Ватыкан
27.09.2016 18:24

Рэформы будуць датычыць найперш школы рэкруцтва, якая будзе рэструктурызавана. Як тлумачыцца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы, рэформа накіравана на ўдасканальванне прафесіяналізму традыцыйнай папскай гвардыі.

Як паведамляе KAI, новая сістэма школы рэкруцтва будзе ўведзена напрыканцы кастрычніка.

Базавая падрыхтоўка будзе складацца з дзвюх частак. Спачатку 16 новых рэкрутаў пройдуць медыцынскую камісію ў Ватыкане. Пасля адбудзецца месячнае навучанне ў структурах паліцыі кантонаў. Там кандыдаты будуць прымаць удзел у занятках па псіхалогіі, праву, занятках па пажарнай і медыцынскай дапамозе.

Таксама прадугледжаны практыкаванні па стральбе і заняткі фізічнай культурай. Пасля вяртання ў Ватыкан рэкруты будуць знаёміцца з горадам і вышэйшым персаналам. Будзе арганізавана вайсковае навучанне, а таксама моўны курс.



Швейцарская гвардыя служыць Папу Рымскаму з 1506 года і налічвае сёння 110 чалавек. У яе склад могуць увайсці маладыя католікі-швейцарцы ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў, якія спачатку павінны прайсці ў Швейцарыі ваенную службу.

У Ватыкане іх служба працягваецца прынамсі 25 месяцаў, а прыняцце прысягі адбываецца штогод 6 мая на ўспамін падзей 6 мая 1527 года, калі Рым спрабавалі захапіць войскі Карла V. У тых падзеях загінулі 147 швейцарскіх салдат, якія баранілі Папу Клімента VII (1523-1534 гг.).

Звычайна большасць рэктутаў складае абавязак служыць у швейцарскай гвардыі на працягу двух гадоў. Гвардзейцы адказваюць за асабістую ахову Папы Рымскага, а таксама кантралююць уваходы ў Ватыкан. Дом св. Марты, у якім жыве Святы Айцец, ахоўваюць шасцёра гвардзейцаў, а таксама ватыканскія жандармы.

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.