Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рым: у Папскім універсітэце праходзіць семінар для журналістаў
Дзяржава Ватыкан
05.09.2016 15:18

Дапамагчы прафесійна «апавядаць пра каталіцтва ў эпоху Францішка» пакліканы вучэбны семінар для журналістаў, які 5–11 верасня 2016 г. праходзіць у Папскім універсітэце Святога Крыжа. У форуме прымаюць удзел 40 прадстаўнікоў СМІ з 18 краін свету.

На працягу цэлага тыдня яны будуць наведваць розныя ватыканскія структуры і слухаць лекцыі пра жыццё і гісторыю Касцёла, мэты і дзейнасць Рымскай курыі, каталіцкі погляд на такія актуальныя тэмы як біяэтыка, сям’я і сужэнства, міжрэлігійныя і экуменічныя адносіны, ахова навакольнага асяроддзя, мір у свеце і многія іншыя.

Перад журналістамі выступяць высокія ватыканскія іерархі: старшыня Папскай рады «Iustitia et pax» і прэфект новастворанай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Сакратарыяту па экананамічных пытаннях кардынал Джордж Пэл, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, а таксама сакратар Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы кс. Лусіа Адрыян Руіс і кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Падобны вучэбны курс арганізуецца Папскім універсітэтам Святога Крыжа ўжо ў пяты раз. У мінулыя гады ў форуме ўдзельнічалі журналісты шматлікіх буйных выданняў: амерыканскіх «The New York Times» і «USA Today», брытанскіх «The Guardian», «The Times», «The Financial Times» і «BBC», італьянскага «Corriere della sera», аўстралійскага «The Record», паўднёваафрыканскага «The Southern Cross», венесуэльскага «The National Post», «CBC» і «El Universal», швейцарскага «Neue Zürcher Zeitung» і партугальскага «Radio Renascença».

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.