«Незвычайная парафія». Капелан распавёў пра сваё служэнне сярод швейцарскіх гвардзейцаў Папы | Друк |
Дзяржава Ватыкан
15.08.2016 06:13

Дапамагчы чалавечаму і духоўнаму сталенню папскіх жаўнераў — мэта, якую 31-гадовы святар Тамаш Відмер ставіць перад сабой.

«Перш за ўсё я павінен быць побач з імі, быць і братам, і айцом, спрыяць іх чалавечаму і духоўнаму росту, разумеючы, што жыццё тут, у Рыме, цэнтры Паўсюднага Касцёла, з'яўляецца ўнікальным досведам для іх», — кажа святар, які сам паходзіць са Швейцарыі.

Ксёндз Тамаш Відмер быў прызначаны Пантыфікам на пасаду капелана Папскай швейцарскай гвардыі ў снежні 2015 года. Швейцарцы ўжо больш за 500 гадоў служаць Святому Пасаду, у першыя стагоддзі існавання свайго атрада яны неаднаразова ахвяравалі сваімі жыццямі, каб абараніць Папу. Цяпер іх галоўная задача — ахова ўваходаў у Ватыкан, ахова жыцця Пантыфіка, забеспячэнне бяспекі падчас афіцыйных мерапрыемстваў.

Аднак кс. Відмер лічыць, што місія гвардзейцаў — гэта і «паглыбленне ўласнай веры, і перажыванне досведу Касцёла побач з Пантыфікам».

Дзеля гэтага капелан рэгулярна сустракаецца з навабранцамі, дапамагаючы ім зразумець «вернасць і сэнс самаахвяравання» як жаўнераў Швейцарскай гвардыі.

6 мая 1527 г. 147 са 189 гвардзейцаў загінулі, абараняючы Папу Клімента VII. Кожны год новыя гвардзейцы прымаюць прысягу ў гэты дзень, згадваючы гэты подзвіг і разважаючы над значэннем сваёй службы.


Прысяга швейцарскіх гвардзейцаў у гэтым годзе. Поўная цырымонія.

Stcloudvisitor.org (АлГ)

 
© 2003-2024 Catholic.by