Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Творчы вечар у рамках Юбілейнага Года Міласэрнасці адбудзецца ў Рыме
Дзяржава Ватыкан
26.07.2016 15:01

26 ліпеня на тэрыторыі археалагічнага комплекса «Рымскі форум» у італьянскай сталіцы ўпершыню адбудзецца творчы вечар пад назвай «Музыка міласэрнасці».

Канцэрт арганізаваны Ватыканскім бюро пілігрымак «Opera Romana pellegrinaggi» і рымскім Оперным тэатрам у рамках Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці, які перажывае Каталіцкі Касцёл.

Пачэсным госцем вечара стане знакаміты італьянскі тэнар Андрэа Бачэлі, выканаўца як класічнай, так і папулярнай музыкі. Запланаваны таксама выступленні артыстаў з іншых краін, сярод іх спявак з Малайзіі Заінал Абідзін, сірійскі кларнетыст Кінан Азмех. З Канады прыедуць уладальнік 16 прэмій «Грэмі» піяніст Дэвід Фостэр і музычная група «The Tenors», з Вялікабрытаніі — славутая спячка Элэйн Пэйдж. Такая разнастайнасць мае на мэце падкрэсліць экуменічны характар падзеі.

Музычны вечар адкрые спявак Карлі Паолі, які выканае твор «Ave Maria» і прадставіць новую песню «Час для міласэрнасці» (A Time for Mercy) на музыку Рамана Мусумара і словы Гранта Блэка. На напісанне гэтай кампазіцыі аўтараў натхніла кніга Папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць» (Il nome di Dio è misericordia). Затым у выкананні запрошаных артыстаў прагучаць знакамітыя творы класічнай музыкі. Гэтыя выступленні стануць сведчаннем таго, што міласэрнасць з’яўляецца ўніверсальнай каштоўнасцю, якую падзяляюць розныя культуры, гаворыцца на сайце арганізатараў.

Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы Міністэрства культурнай спадчыны, культурнай дзейнасці і турызму Італіі, а таксама Міністэрства італьянскай Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА. З улікам выключнасці падзеі прадстаўнікі ўлады краіны ўпершыню дазволілі выкарыстаць у якасці канцэртнай пляцоўкі археалагічны комплекс «Рымскі форум», а дакладней тэрыторыю былой турмы «Туліянум», дзе, згодна з крыніцамі, утрымліваўся святы Пётр і дзе можна ўбачыць фрэску XIII ст. з выявай аднаго з першых вядомых абразоў Маці Божай Міласэрнай.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.