У Ватыкане пройдзе кансісторый па кананізацыйных справах | Друк |
Дзяржава Ватыкан
14.06.2016 17:43

20 чэрвеня Папа Францішак узначаліць Звычайны кансісторый па кананізацыйных справах. Аб гэтым паведаміла 13 чэрвеня Служба папскіх літургічных цэлебрацый.

Кансісторый распачнецца малітвай Літургіі гадзінаў. На яго збяруцца кардыналы, прысутныя ў гэты час у Рыме.

У Зале кансісторыяў Апостальскага палаца кардыналы на чале з Пантыфікам разгледзяць справы кананізацыі благаслаўлёных: айца Саламона Леклерка з кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ, мучаніка антыкаталіцкага пераследу эпохі Французскай рэвалюцыі; біскупа Мануэля Гансалеса Гарсія, заснавальніка Эўхарыстычнага саюзу ўзнагароджання і Кангрэгацыі Эўхарыстычных Місіянерак з Назарэта; кс. Людавіка Павоні, заснавальніка кангрэгацыі Сыноў Марыі Беззаганна Зачатай; кс. Альфонса Марыі Фуска, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр св. Яна Хрысціцеля; сястры Элізабэты ад Найсвяцейшай Тройцы з Ордэну Кармэлітанак Босых.

Раней Папа даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі публікацыю дэкрэтаў аб сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва гэтых благаслаўлёных.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by