Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сусветная сустрэча сем’яў прадстаўлена ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
26.05.2016 11:08

ІХ Сусветная сустрэча сем’яў адбудзецца 22-26 жніўня 2018 г. у Дубліне. Яна пройдзе пад дэвізам «Евангелле сям’і, радасць для свету».

Аб гэтым стала вядома падчас прэзентацыі форума 24 мая ў Зале друку Апостальскай Сталіцы.

Старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья падкрэсліў, што «вялікай хартыяй» падрыхтоўкі да сустрэчы будзе Апостальская адгартацыя Папы Францішка «Amoris Laetitia» на тэму сям’і.

Форум у сталіцы Ірландыі стане «значным этапам» у прыняцці, паглыбленні і ўвядзенні ў жыццё мясцовых Касцёлаў гэтага дакумента.

Па словах арцыбіскупа Пальі, той факт, што сустрэча пройдзе ў Еўропе, стане нагодай, каб жыхары кантынента па-новаму ўбачылі цэнтральнае месца сям’і як «першай школы мірнага суіснавання».

Гаворачы аб тэме форума, іерарх адзначыў, што «сем’і, асабліва хрысціянскія, з’яўляюцца добрай навіной ("Евангеллем") для Касцёла і свету».

У «сямейным духу» Касцёл, рэлігіі і грамадства могуць знайсці спосаб для супрацьстаяння індывідуалізму, які ўсё больш ахоплівае свет.

Прысутны на прэзентацыі форума Мітрапаліт Дублінскі арцыбіскуп Дзіармуід Марцін звярнуў увагу на важнасць духоўнай і катэхетычнай падрыхтоўкі да яго.

Сусветныя сустрэчы сем’яў праводзяцца кожныя тры гады. Першая адбылася ў 1994 г. у Рыме.

Пра тое, што месцам правядзення ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў стане Дублін, Папа Францішак паведаміў у Філадэльфіі ў верасні 2015 г.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.