Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Папы наведае Украіну
Дзяржава Ватыкан
12.05.2016 11:30

У чэрвені Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін здзейсніць візіт ва Украіну, каб выказаць салідарнасць Пантыфіка да насельніцтва, якое перажывае пакуты. Аб гэтым паведаміў сам кардынал 11 мая ва ўніверсітэце Тарту ў межах афіцыйнага візіту ў Эстонію.

«Беручы пад увагу сур’ёзнасць актуальнай сітуацыі, я сам наведаю Украіну ў наступным месяцы, каб выказаць салідарнасць Святога Айца да ўсіх, хто пакутуе», — сказаў бліжэйшы супрацоўнік Папы падчас лекцыі аб міжнародных адносінах Апостальскай Сталіцы.

Узгадаўшы пра збор ахвяраванняў, прызначаных на вырашэнне гуманітарных праблем Украіны, які прайшоў 24 красавіка па ініцыятыве Папы Францішка, Дзяржсакратар падкрэсліў, што «Святы Пасад асабліва заклапочаны пагаршэннем гуманітарнай сітуацыі, выкліканай трываючым канфліктам», які пакінуў амаль 1,5 млн. чалавек без даху над галавой. Драматычнай з’яўляецца таксама сітуацыя ў сферы аховы здароўя і стан дзяцей, якія не могуць наведваць школы і штодзённа сустракаюцца з насіллем, атрымліваючы траўмы.

Іерарх падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл, хоць і з’яўляецца меншасцю ва Украіне, «намагаецца адказаць на патрэбы насельніцтва», а Апостальская Сталіца рыхтуе «шэраг ініцыятыў для дапамогі ўсім, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці».

Кардынал П'етро Паралін нагадаў пра важнасць павагі да міжнароднага і гуманітарнага права, зноў заклікаючы бакі «ўстаць на шлях дыялогу з мэтай пераадолення актуальных цяжкасцяў і палягчэння пакут насельніцтва».

Гаворачы пра дыпламатычную дзейнасць Святога Пасаду, іерарх патлумачыў, што яна далёкая ад «чыста палітычных і камерцыйных падыходаў», а грунтуецца, галоўным чынам, на чатырох фундаментальных прынцыпах: годнасці чалавечай асобы, падтрымцы супольнага дабра, салідарнасці і субсідыярнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.