Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане пракаментавалі хуткую сустрэчу Папы і Патрыярха: Сустрэча рыхтавалася даўно
Дзяржава Ватыкан
07.02.2016 00:31
У Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінству пракаментавалі навіну аб хуткай сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і раскрылі падрабязнасці яе падрыхтоўкі. 

«Ініцыятыва – сумесная. Сустрэча рыхтавалася ўжо даўно, пачынаючы з часу, калі прайшло ўсяго некалькі месяцаў пасля абрання Папы Францішка».
 
«Непасрэднай падрыхтоўкай займаліся, з каталіцкага боку, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, а з боку Рускай Праваслаўнай Царквы – старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён», – паведаміў айцец Іакінф Дэсцівэль OP, cупрацоўнік ватыканскага ведамства. 
Хоць сустрэча і адбудзецца ў аэрапорце, нельга казаць, што яна пройдзе «ў спешцы», падкрэсліў дамініканін. «Асабістая сустрэча Папы і Патрыярха, за межамі пратаколу, будзе доўжыцца дзве гадзіны. Гэта вельмі шмат, больш, чым любая аўдыенцыя ў Ватыкане, таму нельга называць гэта “сустрэчай на бягу”. Асаблівую значнасць сустрэчы надае запланаванае падпісанне вельмі змястоўнай і шырокай сумеснай дэкларацыі», – сказаў святар.

Што датычыцца тэм сустрэчы, тут няма «фіксаванага парадку дня». Гэта не пратакольная дыпламатычная або палітычная сустрэча, а сустрэча пастыраў дзвюх хрысціянскіх супольнасцяў, якія будуць абмяркоўваць царкоўныя ўзаемаадносіны, праблемы паствы, выклікі, якія стаяць перад светам і цывілізацыяй, адзначыў айцец Дэсцівэль і дадаў, што прадмет сустрэчы не будзе тэалагічны, паколькі тэалагічны дыялог даўно і плённа развіваецца асобна ў рамках адмысловай камісіі. 

На думку супрацоўніка Папскай рады, верагодна, паўстане пытанне абароны пераследаваных хрысціян на Блізкім Усходзе, пытанне сям’і і абароны жыцця.

Прадстаўнік Ватыкана лічыць, што сустрэча, якая пройдзе 12 лютага 2016 г. у гаванскім аэрапорце, дапаможа збліжэнню і ўзаемаадносінам паміж католікамі і праваслаўнымі не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.