Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі кардынал: не ўсе святары пагаджаюцца быць біскупамі
Дзяржава Ватыкан
04.02.2016 16:45

«Здараецца, што святары адмаўляюцца прыняць сваю намінацыю на біскупа, хоць такіх выпадкаў няшмат», — паведаміў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Такім чынам іерарх адрэагаваў на чуткі, што ўсё больш і больш святароў не хочуць быць біскупамі і адмаўляюцца прыняць прапанову, нават калі Папа — па рэкамендацыі Кангрэгацыі — зрабіў выбар. «Так, гэта праўда», — пацвердзіў ватыканскі кардынал, дадаўшы, аднак, што лік такіх выпадкаў невялікі.

Іерарх растлумачыў, што кандыдаты на біскупства адмаўляюцца па розных прычынах, і прывёў прыклад святара, які быў абраны, але паведаміў Кангрэгацыі, што хворы на рак, аб чым не казаў іншым. Адмова ў гэтым выпадку была выразам адказнасці, сказаў кардынал Уэле.

Іншыя адмаўляюцца па прычыне некаторых падзей з мінулага ці таму, што лічаць сябе няздольнымі несці такую адказнасць. У апошнім выпадку Кангрэгацыя настойвае на прыняцці намінацыі, паколькі часта людзі не з’яўляюцца добрымі суддзямі сваіх магчымасцяў. Але, калі нехта ў сваім сумленні прыняў канчатковае рашэнне, Святы Пасад паважае яго, запэўніў прэфект.

Кардынал прызнаўся, што ў пошуках кандыдатаў на біскупаў Папа Францішак і Кангрэгацыя звяртаюць увагу на іх душпастырскія навыкі. Гэта не азначае, аднак, што яны не павінны быць настаўнікамі веры, мець здольнасць да дыялогу з людзьмі.

Кардынал таксама пацвердзіў, што з 2010 года канфідэнцыйны апытальнік, які дасылаецца ў дыяцэзіі з мэтай выяўлення патэнцыйных кандыдатаў на біскупаў, уключае ў сябе пытанне аб тым, ці яны калі-небудзь мелі справу з абвінавачваннямі ў сексуальных злоўжываннях духавенства або касцёльных супрацоўнікаў.

Гаворка ідзе аб упэўненасці, што будучы біскуп зможа адказна справіцца з такога роду выпадкамі без утойвання і з сур’ёзным падыходам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.