Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кліматычная дэкларацыя падпісана ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
22.07.2015 17:11

21 ліпеня ў Ватыкане мэры найбуйнейшых гарадоў свету падпісалі сумесную дэкларацыю з абавязацельствамі істотна паменшыць забруджванне планеты, палепшыць клопат аб бедных і іх экалагічным здароўі. Папа Францішак таксама пакінуў свой подпіс пад дакументам, дадаўшы, што падзяляе яго змест.

Дэкларацыя была падпісана ў рамках канферэнцыі на тэму ўстойлівага развіцця і абароны навакольнага асяроддзя, якая прайшла ў Ватыкане 21-22 ліпеня. У форуме прынялі ўдзел мэры 60 найбуйнейшых гарадоў свету, у тым ліку прадстаўнікі Альянсу вугляродна-нейтральных гарадоў.

У тэксце дэкларацыі гаворыцца, што кліматычныя змены, выкліканыя чалавекам – гэта навуковы факт, а іх рашучае стрымліванне з’яўляецца маральным імператывам для чалавецтва.

Адзначаецца, што бедныя і маргіналізаваныя найменш уздзейнічаюць на клімат, аднак найбольш пакутуюць ад жудасных наступстваў яго змены: засух, разбуральных ураганаў, спякоты і павышэння ўзроўня мора. Чалавецтва “мае ў сваім распараджэнні тэхналагічныя веды і фінансавыя сродкі”, каб спыніць кліматычныя змены. Неабходна задзейнічаць энергетычныя сістэмы з малым выкідам вугляроду і карыстацца падтрымкай інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, сказана ў дакуменце.

Аўтары дэкларацыі заклікалі скіраваць на праекты ўстойлівага развіцця фінансавыя сродкі, якія зараз вылучаюцца на вайсковыя патрэбы. Кліматычную канферэнцыю, якая хутка адбудзецца ў Парыжы, яны назвалі апошняй магчымасцю, каб дамовіцца аб стрыманні глабальнага пацяплення прынамсі на ўзроўні 2 градусаў. Калі гэтага не адбудзецца, пацяпленне дасягне ці перавысіць 4 градусы, што прывядзе да катастрафічных наступстваў. Багатыя краіны павінны дапамагаць бедным у стрымліванні кліматычных змен, адзначаецца ў дакуменце.

Змены клімату, як дадаецца, патрабуюць хуткага пераходу да карыстання аднаўляльнай энергіяй і памяншэння выкідаў вугляроду, а таксама ўстойлівага кіравання экасістэмамі. Адначасова неабходна пашырыць барацьбу з беднасцю, забяспечыць паўсюдны доступ да медыцынскай дапамогі, якаснай адукацыі, пітной вады, устойлівай энергіі, а таксама супрацоўнічаць у сферы барацьбы з гандлем людзьмі, сучасным рабствам і прычынамі, якія спрыяюць гэтым феноменам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.