Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад у ААН пра тэрміновую рэакцыю па Блізкім Усходзе
Дзяржава Ватыкан
22.04.2015 12:39

“Святы Пасад глыбока занепакоены поўнай адсутнасцю прагрэсу на перамовах паміж Палесцінай і Ізраілем”, — сказаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку 22 красавіка падчас адкрытай дыскусіі ў Савеце Бяспекі на тэму “Блізкі Усход, уключаючы палесцінскае пытанне”.

Арцыбіскуп Бернардзіто Ауса прызнаў рацыю Ізраіля, які мае законнае права клапаціцца аб сваёй бяспецы, дадаўшы, што, аднак, гэтага нельга рабіць “у ізаляцыі ад сваіх суседзяў”.

Іерарх нагадаў пра неабходнасць рэалізацыі праекту “Дзве дзяржавы для двух народаў”, які прадугледжвае заканчэнне канфлікту шляхам стварэння палесцінскай дзяржавы побач з Дзяржавай Ізраіль. Гэты праект атрымаў падтрымку і Святога Пасаду, і міжнароднай супольнасці ў цэлым. Ватыканскі дыпламат заклікаў да сур’ёзных і канкрэтных перамоваў, “якія ўдыхнуць новае жыццё ў мірны працэс”.

Прадстаўнік Святога Пасаду з занепакоенасцю нагадаў пра “інстытуцыянальную пустату” ў Ліване, якая ўзнікла пасля неабрання Прэзідэнта краіны ў маі 2014 г, што робіць ліванскі народ больш уразлівым у абліччы сітуацыі на Блізкім Усходзе. Міжнародная супольнасць, па словах іерарха, павінна падтрымаць краіну на шляху да інстытуцыянальнай нармалізацыі і стабільнасці, а таксама дапамагчы ў забеспячэнні велізарнай колькасці бежанцаў, што стала вынікам канфліктаў у іншых краінах рэгіёну.

Канфлікт у Сірыі, на думку арцыбіскупа, дасягнуў “уражальнага ўзроўню дзікасці”: знішчана базавая інфраструктура, няма забеспячэння вадой і электрычнасцю бальніц і школ. Святы Пасад заклікаў міжнародную супольнасць прадухіліць велізарную гуманітарную катастрофу і грубае парушэнне міжнароднага гуманітарнага права і асноўных правоў чалавека.

Арцыбіскуп Ауса заявіў, што Апостальская Сталіца “асуджае самым рашучым чынам усе напады і пераслед па этнічнай, рэлігійнай, расавай ці іншых прыкметах” і “жадае яшчэ раз нагадаць, што знікненне этнічных і рэлігійных меншасцяў на Блізкім Усходзе стане не толькі рэлігійнай трагедыяй, але і стратай багатай спадчыны” рэгіёну. Іерарх нагадаў, што нядаўна ў Жэневе 65 краін падпісалі заяву ў падтрымку правоў хрысціян і іншых супольнасцяў, асабліва на Блізкім Усходзе, і заклікаў яшчэ раз усе дзяржавы аб’яднацца і вырашыць гэтую трывожную сітуацыю.

“Сёння кожнае дзеянне для абароны хаця б аднаго чалавека ад пераследу і ўсіх форм злачынстваў не толькі своечасовае, але і неадкладнае”, — заключыў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.