Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тэме рэформы Рымскай курыі было прысвечана пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам
Дзяржава Ватыкан
15.04.2015 16:49

Пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам было прысвечана ў асноўным тэме рэформы Рымскай курыі, прычым яе метадалагічным і практычным аспектам, плану дзеянняў у 2015-2016 гг. Пасяджэнне праходзіла ў Ватыкане з 13 красавіка.

Як паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі падчас брыфінгу, прысвечанага завяршэнню сустрэчы папскіх дарадчыкаў, рэформа можа быць “актывавана” да 2016 г. Менавіта гэты час можа стаць вызначальным для падрыхтоўкі новай Канстытуцыі, якая будзе рэгуляваць працу Рымскай курыі.

Рада прысвяціла шмат часу аналізу выступленняў кардыналаў на нядаўнім кансісторыі. Падчас яго прагучала больш за 60 меркаванняў адносна ватыканскіх рэформ, у прыватнасці на тэму стварэння двух буйных ведамстваў, адно з якіх павінна заняцца тэматыкай дабрачыннасці, справядлівасці і міру, а другое – свецкіх вернікаў, сям’і і абароны жыцця. Цалкам магчыма, што рашэнне адносна стварэння гэтых ведамстваў прагучыць раней за апублікаванне канчатковага тэксту новай Канстытуцыі, бо рэформа разглядаецца ў якасці працяглага працэсу, а не змен, што адбываюцца тут і зараз.

Айцец Ламбардзі паведаміў, што падчас сустрэчы было закранута пытанне рэформы ватыканскіх СМІ. Перад гэтым Папа і яго супрацоўнікі атрымалі канчатковы рапарт камісіі Крыстафера Патэна, якая працавала ў мінулыя месяцы ў Ватыкане, з прапановамі па зменах. Паколькі рапарт носіць рэкамендацыйны характар, Рада кардыналаў звярнулася з просьбай да Папы стварыць “новую камісію”, якая практычна “з нуля” пачне падрыхтоўчую працу па рэформе СМІ, возьме на сябе адказнасць за выпрацоўку дзеянняў і вывучэнне пераходу да рэалізацыі. Праца новай групы стане працягам таго, чаго дасягнула “камісія Патэна”. Неабходна вывучыць, наколькі яе прапановы можна прымяніць да “ватыканскай рэальнасці”.

Гаворка ішла таксама пра працу новастворанай Камісіі па абароне непаўналетніх. Было падкрэслена, што касцёльныя працэдуры адносна тых, хто дапускаў сексуальныя злоўжыванні, сфармуляваны дастаткова ясна. Але ёсць іншая група людзей, якія не рэагавалі на выпадкі злоўжыванняў або бяздзейнічалі, калі аб іх ведалі. Было прапанавана паглыбіць гэтую тэматыку з прававога пункту гледжання.

Наступныя сустрэчы Рады кардыналаў пройдуць у Ватыкане 8-10 чэрвеня, 14-16 верасня і 10-12 снежня 2015 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.