Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новы сакратар па адносінах з дзяржавамі: «У першую чаргу я — святар, а ўжо потым дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца»
Дзяржава Ватыкан
13.11.2014 16:24

Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера сакратаром па адносінах з дзяржавамі. Гэта трэцяя па значнасці пасада ў ватыканскай дыпламатыі, эквівалентная пасадзе міністра замежных спраў.

«У першую чаргу я — святар, а ўжо потым дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца», — сказаў арцыбіскуп Галахер у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, у якім распавёў пра свой асабісты досвед і ўнёсак ватыканскай дыпламатыі ў вырашэнне праблем міжнароднай супольнасці. Іерарх «не ўпэўнены, што папская дыпламатычная служба з’яўляецца пакліканнем»: па яго словах, пакліканне — гэта святарства, і яго трэба дбайна захоўваць, каб зрабіць штосьці сапраўды пазітыўнае. Тым не менш, адзначыў арцыбіскуп, дыпламатыя можа зрабіць вялікі ўклад у інфармацыйна-камунікацыйную і прадстаўніцкую дзейнасць Касцёла, бо яна «тлумачыць» мясцовыя Касцёлы Рыму, а Рым — мясцовым Касцёлам.

Жыццё ў розных краінах пераканала арцыбіскупа Галахера ў тым, што многія праблемы ўзаемазвязаны. Да найбольш сур’ёзных глабальных праблем іерарх адносіць развіццё чалавека і дзяржаў, канфлікты, беднасць і эканамічную адсталасць.

У адказ крытыкам, якія заяўляюць, што Каталіцкаму Касцёлу як рэлігійнаму інстытуту не трэба падтрымліваць палітычна-дыпламатычныя адносіны з урадамі краін свету, арцыбіскуп Галахер сказаў: «Гэта гістарычнае пытанне, так склалася наша эвалюцыя». Іерарх падкрэсліў, што свет прызнае ўклад ватыканскай дыпламатыі, дзейнасць якой заснавана не толькі на веры, але і на досведзе і гісторыі Касцёла.

Арцыбіскуп Галахер нарадзіўся ў 1954 г. у Ліверпулі (Вялікабрытанія). Іерарх зойме пост сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі пасля больш чым 30 гадоў дыпламатычнай службы на ўсіх кантынентах. Да гэтага іерарх служыў у місіях Святога Пасаду ў Танзаніі, Уругваі, на Філіпінах, быў назіральнікам пры Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу, Нунцыем у Бурундзі, Гватэмале і Аўстраліі. Новы сакратар па адносінах з дзяржавамі добра знаёмы з дзейнасцю Дзяржсакратарыята Апостальскай Сталіцы, дзе працаваў у 1995-2000 гадах разам з цяперашнім Дзяржсакратаром Святога Пасаду кардыналам Пьетро Паралінам. Арцыбіскуп Галахер добра валодае італьянскай, іспанскай і французскай мовамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.