Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане адкрыты скульптурны бюст Бэнэдыкта XVI
Дзяржава Ватыкан
27.10.2014 13:49

27 кастрычніка ў Папскай акадэміі навук быў адкрыты скульптурны бюст Бэнэдыкта XVI на знак пашаны да Пантыфіка на пенсіі і яго ўкладу ў развіццё навукі. У цырымоніі адкрыцця скульптурнага бюста прыняў удзел Папа Францішак.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі шматлікія ватыканскія іерархі і навукоўцы, сярод якіх Нобелеўскія лаўрэаты, якія з’яўляюцца членамі Папскай акадэміі навук.

«Бэнэдыкт XVI — вялікі Папа. Вялікі дзякуючы сіле і праніклівасці свайго розуму, дзякуючы свайму значнаму ўкладу ў тэалогію, сваёй любові да Касцёла і людзей, сваім цнотам і рэлігійнасці», — сказаў падчас цырымоніі Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што Бэнэдыкт XVI глыбока ўсведамляў важнасць навукі для сучаснай культуры. «Ніколі нельга казаць, што вучоба і навука асушылі яго асобу і яго любоў да Бога і бліжняга, але наадварот, навука, мудрасць і малітва ўзбагацілі яго сэрца і дух», — падкрэсліў Папа.

Цырымонія адкрыцця скульптурнага бюста прайшла ў рамках заканчэння штогадовай пленарнай сесіі Папскай акадэміі навук, прысвечанай тэме эвалюцыі і прыроды. У сувязі з гэтым Папа Францішак нагадаў пра рызыку разумення Бога ў якасці «чараўніка, які з дапамогай чароўнай палачкі здольны ствараць усе рэчы». Бог, ствараючы істоты, надзяляў іх унутраным законам, паводле якога яны могуць развівацца і дасягаць сваёй поўні, сказаў Папа. Тэорыя «вялікага выбуху», па словах Пантыфіка, не супярэчыць боскаму творчаму ўмяшанню, «таму што эвалюцыя прадугледжвае стварэнне істотаў, якія эвалюцыянуюць».

Чалавек быў надзелены поўнай свабодай і адказнасцю за стварэнне, адзначыў Папа. Таму, дадаў Святы Айцец, навукоўцы, асабліва хрысціянскія, пакліканы клапаціцца аб будучыні чалавецтва і зямлі, бараніць іх і ліквідаваць пагрозы, давяраць схаванаму ў эвалюцыйных механізмах патэнцыялу прыроды і дапамагаць спаўненню Божай задумы: будаванню свету, добрага для цялеснага і духоўнага жыцця; свету для ўсіх людзей, а не толькі для прывілеяваных груп або класаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.