У Ватыкане ўшануюць уклад Бэнэдыкта XVI у развіццё навукі ўстанаўленнем скульптурнага бюста | Друк |
Дзяржава Ватыкан
23.10.2014 12:23
У Ватыкане з’явіцца бронзавы скульптурны бюст Бэнэдыкта XVI. Ён будзе ўстаноўлены 27 кастрычніка 2014 г. каля Папскай акадэміі навук, сядзіба якой знаходзіцца на тэрыторыі Ватыканскіх садоў. У цырымоніі адкрыцця скульптуры прыме ўдзел Папа Францішак. Будуць прысутнічаць таксама шматлікія навукоўцы і ватыканскія іерархі, сярод якіх асабісты сакратар Пантыфіка на пенсіі і прэфект Папскага дома арцыбіскуп Георг Генсвайн. Адкрыццё бронзавага бюста пройдзе ў рамках пленарнай сесіі Папскай акадэміі навук. З урачыстымі прамовамі выступяць канцлер ватыканскай навуковай установы біскуп Марсэла Санчэс Саронда і швейцарскі мікрабіёлаг і генетык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне медыцыны і фізіялогіі 1978 г. Вернер Арбер.

Папская акадэмія навук была заснавана ў 1936 г. з мэтай даследвання матэматычных, фізічных і натуральных навук і звязаных з імі тэалагічных пытанняў. На сённяшні дзень у яе склад уваходзяць каля 80 навукоўцаў розных веравызнанняў з розных краін свету, сярод якіх 35 нобелеўскіх лаўрэатаў. Ушанаваць уклад Бэнэдыкта XVI у развіццё навукі ўстанаўленнем скульптурнага бюста дапамаглі некалькі італьянскіх мастацкіх аб’яднанняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2024 Catholic.by