Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане прайшоў агульны кансісторый
Дзяржава Ватыкан
20.10.2014 16:12

Удзельнікі агульнага кансісторыя, які адбыўся 20 кастрычніка ў Ватыкане, звярнулі ўвагу на важнасць міру на Блізкім Усходзе, абароны рэлігійнай свабоды, падтрымкі мясцовай хрысціянскай супольнасці, выхавання новых пакаленняў, здольных весці дыялог, а таксама ролі міжнароднай супольнасці ў вырашэнні існуючых праблем гэтага рэгіёна.

У сустрэчы прынялі ўдзел 86 кардыналаў і Патрыярхаў, а таксама некаторыя іншыя высокія іерархі Рымскай Курыі. Каля трэці прысутных выступілі з прамовамі. У прыватнасці, з сітуацыяй на Блізкім Усходзе пазнаёмілі пастыры каталіцкіх супольнасцяў Ірака, Сірыі, Егіпта, Святой Зямлі, Іарданіі, Лівана.

Удзельнікі кансісторыя асудзілі выкарыстанне імя Бога для апраўдання насілля, падкрэслілі важнасць Іерусаліма як «сталіцы веры» трох монатэістычных рэлігій і неабходнасць спынення сірыйскага і палестына-ізраільскага канфліктаў.

Папа і кардыналы звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам гарантаваць хрысціянскім бежанцам магчымасць хуткага вяртання ў свае дамы, стварэння «зон бяспекі», напрыклад, у даліне Ніневіі, а таксама пажадалі, каб свет не забыўся пра выкрадзеных на Блізкім Усходзе людзей.

Падчас кансісторыя была ўстаноўлена дата кананізацыі бл. Джозэфа Ваза. Яе здзейсніць Папа Францішак 14 студзеня 2015 г. падчас падарожжа ў Шры-Ланку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.