Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агучаны падрабязнасці беатыфікацыі Паўла VI
Дзяржава Ватыкан
18.10.2014 17:50

Падчас цырымоніі беатыфікацыі Папы Паўла VI, якая пройдзе 19 кастрычніка, у якасці рэліквіі будзе выкарыстана футболка са слядамі крыві Пантыфіка — напамін аб замаху, здзейсненым на яго ў 1970 г. Інцыдэнт адбыўся ў міжнародным аэрапорце Манілы, дзе на Папу накінуўся з нажом псіхічна хворы чалавек.

Забойству перашкодзіў прысутны побач са Святым Айцом амерыканскі кардынал літоўскага паходжання Пол Марцынкус, які здолеў адвесці руку злачынцы. Акрываўленая футболка Паўла VI будзе прадстаўлена Папу Францішку ў спецыяльным рэліквіярыі. Пасля цырымоніі ў Ватыкане яна вернецца ў катэдральны касцёл італьянскай Брэшыі, дзе захоўваецца пастаянна.

Пра падрабязнасцямі беатыфікацыі Паўла VI распавёў падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі пастулятар беатыфікацыйнага працэсу а. Антоніо Мараца. Святар паведаміў, што падчас цырымоніі на фасадзе базылікі св. Пятра будзе размешчаны габелен, у аснове стварэння якога выкарыстаны фотаздымак Папы, зроблены яго асабістым фатографам Пэпі Мерызіа. На выяве Святы Айцец стаіць з узнятымі і распасцёртымі рукамі на фоне брукаванай дарогі. Ідэя ў тым, каб паказаць, што Павел VI быў Пантыфікам, які вёў Касцёл дарогамі свету, абвяшчаючы веру зразумелай кожнаму чалавеку мовай. Распасцёртыя рукі Папы, па словах пастулятара беатыфікацыйнага працэсу, заклікаюць да адкрытасці і дыялогу.

Гаворачы пра цуд, дзякуючы якому стала магчымай беатыфікацыя Паўла VI, а. Антоніо Мараца адзначыў, што гаворка ідзе пра аздараўленне дзіцяці, якое знаходзілася ва ўлонні маці і не магло нарадзіцца з прычыны сур’ёзнай несфармаванасці. Тым не менш, дзякуючы гарачай малітве бацькоў, некаторых законніц і амерыканскіх медыкаў дзіця нарадзілася цалкам здаровым. Яго бацькі пажадалі застацца невядомымі для грамадскасці, таму пра іх не будзе распаўсюджвацца ніякай інфармацыі, паведаміў пастулятар.

Літургічны ўспамін бл. Паўла VI, згодна з жаданнем Папы Францішка, будзе адзначацца 29 мая — у дзень, калі Джавані Манціні, будучы Пантыфік, атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.