Пра цуд, які адкрыў шлях да кананізацыі Яна Паўла ІІ | Друк |
Дзяржава Ватыкан
27.04.2014 12:34

Цуд, неабходны для кананізацыі Яна Паўла II, быў звязаны з вылячэннем праз яго заступніцтва 48-гадовай Фларыбэт Морас Дыяс з Коста-Рыкі, у якой была анеўрызма мозгу. Аперацыйнае ўмяшанне было смяротна небяспечным.

У Вялікую суботу 2011 г. хворую выпісалі са шпіталя, і дома яна ўвесь час знаходзілася ў ложку. Левая частка цела была паралізавана. На думку ўрачоў, рана ці позна анеўрызма павінна была лопнуць.

Калі 1 мая 2011 г. у Рыме праходзіла ўрачыстая беатыфікацыя Яна Паўла II, у Коста-Рыцы была яшчэ ноч, але Фларыбэт глядзела яе, лежачы ў ложку, а потым пагрузілася ў сон. Прачнуўшыся ў 9 раніцы, яна раптам пачула заклік : “Устань!” Была вельмі здзіўленая, бо нікога, акрамя яе, у пакоі не было. Тады яе погляд спыніўся на здымку Яна Паўла II з узнесенымі рукамі, які перад гэтым ля экрана тэлевізара змясціў яе муж. Фларыбэт падобным чынам ўзнесла свае рукі, і раптам зноў пачула голас, які казаў: “Устань, не бойся!” Яна ўстала, адкрыла дзверы і пайшла на кухню.

Выздараўленне Фларыбэт адбывалася паступова. Праз некалькі дзён яна ўжо магла самастойна перасоўвацца. Калі ўрачы зноў абследавалі жанчыну, яны, да свайго здзіўлення, не знайшлі на тамаграфічных здымках анеўрызмы і не маглі даць гэтаму якога-небудзь навуковага тлумачэння. У ходзе далейшых даследаванняў эксперты прыйшлі да адназначнай высновы пра звышнатуральную прычыну вылячэння Фларыбэт Дыяс, што было звязана з заступніцтвам Яна Паўла II. У ліпені 2013 г. Папа Францішак падпісаў дэкрэт аб прызнанні гэтага цуду, які адкрыў шлях да кананізацыі Пантыфіка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by