Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папская швейцарская гвардыя прыме ў свае шэрагі 30 навабранцаў
Дзяржава Ватыкан
15.04.2014 11:05
У Ватыкане 6 мая 2014 г. да прысягі будуць прыведзены 30 навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі. Падчас цырымоніі яны складуць клятву «верна, сумленна і высакародна служыць» Пантыфіку і яго пераемнікам. З 30 новых гвардзейцаў 20 паходзяць з нямецкамоўнай часткі Швейцарыі, 6 — з франкамоўнай і чатыры з італамоўнай, паведамляецца на інтэрнэт-старонцы Швейцарскай гвардыі. Цырымонія прывядзення да прысягі пройдзе ў прысутнасці субстытута Апостальскай Сталіцы арцыбіскупа Анджэла Бэчу. У цяперашні час каля 110 швейцарскіх гвардзейцаў ахоўваюць Папу і Ватыкан.

Датай заснавання Папскай гвардыі можна лічыць 22 студзеня 1506 г., калі 150 гвардзейцаў пад камандаваннем капітана Каспара фон Зіленэна прыбыло ў Рым па запрашэнні Папы Юлія ІІ. Папская гвардыя выконвае ганаровы абавязак аховы Папы і Апостальскага Палаца, а таксама межаў дзяржавы Ватыкан. Яе члены суправаджаюць Святога Айца ў замежных падарожжах.

Сапраўдным подзвігам, а таксама баявым хрышчэннем найменшай арміі ў свеце лічыцца бітва гвардзейцаў з 20-тысячнаю арміяй імператара Карла V падчас славутай аблогі Рыма («sacco di Roma») 6 мая 1527 г. Падчас абароны Папы загінула 142 са 189 гвардзейцаў. Гэта была самая вялікая трагедыя ў гісторыі Швейцарскай гвардыі. У памяць пра гэтыя падзеі прысяга новых рэкрутаў штогод адбываецца 6 мая.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.