Імша Хрызма ў Віцебску: святарства па сваёй прыродзе рэалізоўваецца ў духу служэння і ахвяры (+фотарэпартаж) | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.04.2017 17:49

13 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску святары Віцебскай дыяцэзіі разам са сваім ардынарыем біскупам Алегам Буткевічам канцэлебравалі св. Імшу Хрызма.

Гэтая Імша як асаблівая маніфестацыя адзінства Касцёла ўказвае на паўнату святарскай улады біскупа і адзінства з ім святароў дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп Віцебскі нагадаў, што ў Вялікі чацвер святкуецца ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, пры гэтым іерарх адзначыў, што «не існуе ў свеце больш узнёслага і больш адказнага задання, чым дапамагаць чалавеку дасягнуць вечнага жыцця».

Разважаючы пра сутнасць сакрамэнту святарства, біскуп звярнуўся да святароў: «Мы павінны як мага часцей задаваць сабе гэтае пытанне: “Ці сапраўды праз мяне дзейнічае Бог?” У кожную хвіліну, не толькі калі стаю пры алтары і праз мае рукі здзяйсняецца Найсвяцейшая Ахвяра, але і ў размове, праз мае паводзіны і знешні выгляд».

«Будучы свецкім, можна адначасова жыць у небе Любові, а жывучы ў манастве ці святарстве, трываць у пекле абыякавасці і самалюбства»

Сярод іншага біскуп Віцебскі працытаваў урывак з духоўнага дзённіка Аліцыі Лянчэўскай, якая адышла ў вечнасць 5 студзеня 2012 г. у Шчэціне. У прыватным аб’яўленні да гэтай сучаснай містычкі Езус казаў: «Фундаментам паклікання павінна быць гарачая любоў да Бога. Ідучы за голасам паклікання, не трэба спадзявацца ані прагнуць больш лёгкага жыцця, меншага цярпення і працы, чым у свецкім жыцці, псіхічнага ці фізічнага камфорту...

Свет не з’яўляецца пеклам, а жыццё ў святарстве або законе не ёсць небам. Неба або пекла чалавек носіць у сваім сэрцы: неба, калі душа яго акунутая ўва Мне; пекла, калі жыве паводле правілаў, навязаных светам... І можна, будучы свецкім чалавекам, жыць адначасова ў небе Любові, або, жывучы ў манастве ці святарстве, трываць у пекле абыякавасці і самалюбства».

Нагадваючы, што «святарства па сваёй прыродзе заўсёды павінна рэалізоўвацца ў духу служэння і ахвяры», біскуп Віцебскі адзначыў, што адным з лепшых прыкладаў служэння з’яўляецца вобраз св. Яна Віянэя.

«Нягледзячы на стомленасць, ён гадзінамі служыў у канфесіянале, а часам усю ноч пісаў казанні. Ён шмат выцерпеў ад людскіх языкоў, не кажучы ўжо пра змаганне са злым духам. І разам з тым ён ведаў, што збаўленню большай колькасці душ лепш прычыніцца ахвяра і цярпенне, чым палымяныя казанні».

Напрыканцы гаміліі біскуп Віцебскі пажадаў святарам, каб, «нягледзячы на розныя выпрабаванні, маглі адчуваць тую вялікую радасць, якая плыве з атрыманага намі паклікання, і заставаліся вернымі Яму, добра спаўняючы сваю місію».

Падчас Імшы Хрызма біскуп Віцебскі Алег Буткевіч благаславіў алей хворых і хрызма.

Асаблівым момантам Імшы Хрызма, якая з’яўляецца адным са знакаў адзінства святароў са сваім біскупам, было аднаўленне абяцанняў, дадзеных падчас прэзбітэрскага пасвячэння.


Кацярына Лаўрыненка

Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by