Віцебскія святары наведалі дзяцей у шпіталях | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
31.12.2016 10:08

З нагоды cвятаў Божага Нараджэння і Новага года святары катэдральнай парафіі ў Віцебску наведалі Абласны клінічны шпіталь і Дзіцячы абласны клінічны шпіталь, дзе сустрэліся з маленькімі пацыентамі.

Ксёндз Андрэй Аніскевіч і ксёндз Генадзь Рэйшэль прывезлі з сабой падарункі і павіншавалі дзяцей з каляднымі і навагоднімі святамі. Для хворых дзяцей, якія не змаглі з-за хваробы быць дома на святы, гэта была цудоўная магчымасць перажыць святочны настрой і атрымаць падарункі.

Некаторыя дзеткі заспявалі песні і прачыталі вершы. На хвіліну аддзяленні шпіталяў ператварыліся ў імправізаваныя сцэны.

Пробашч віцебскай катэдры кс. Андрэй Аніскевіч зазначыў: «Для мяне гэта асаблівая радасць, калі я магу хоць крыху аблегчыць стан гэтых хворых дзетак. Дай Бог ім усім хутчэйшага выздараўлення і вяртання дадому».

Падарункі для дзяцей з віцебскіх шпіталяў былі падрыхтаваныя дабрачыннай каталіцкай арганізацыяй «Карытас».

Кс. Віктар Місевіч, caritas-vitebsk.by

 
© 2003-2024 Catholic.by