Біскуп Алег Буткевіч: фармацыя святароў павінна адпавядаць патрабаванням часу | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.12.2016 11:04

Распазнаць пакліканне маладому чалавеку ў многім дапамагае праца душпастыраў. Пра гэта 20 снежня падчас прэс-канферэнцыі ў Віцебску адзначыў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх падкрэсліў, што ў час яго навучання ў семінарыі назіраўся сапраўдны «бум пакліканняў».

«Пытанне святарства — гэта пытанне паклікання, пытанне адносінаў чалавека з Богам, якія дапамагаюць яму адкрыцца на гэты заклік, — адзначыў біскуп Буткевіч. — У час майго навучання ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ва ўстанове было больш за 100 семінарыстаў».

На сёння ў розных духоўных семінарыях навучаюцца чатыры юнакі, якія паходзяць з Віцебскай дыяцэзіі. Таксама свой намер ісці шляхам святарства выказалі некалькі маладых людзей, якія пакуль атрымоўваюць сярэднюю і вышэйшую адукацыю.

Біскуп Буткевіч падкрэсліў, што для ўмацавання ў сваім пакліканні і рашэнні распачаць шлях служэння, патрэбен час: «Зрэшты гэта і пытанне семінарыйнай фармацыі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртае ўвагу на тое, каб семінарыйная фармацыя была адпаведнай. Недастаткова, каб былі святары, важна яшчэ, каб узровень іх фармацыі адпавядаў патрабаванням часу».

(KL), (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by