Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Навуковая канферэнцыя на тэму Божага Нараджэння прайшла ва ўніверсітэце імя П. Машэрава ў Віцебску
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.12.2016 08:07

17 снежня ў сценах Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава адбылася другая навукова-прыктычная канферэнцыя «Божае Нараджэнне як феномен агульначалавечай культуры».

Канферэнцыя, у якой  прынялі ўдзел прадстаўнікі як свецкіх, так і рэлігійных навучальных устаноў, адбылася дзякуючы супрацоўніцтву ўніверсітэта і Віцебскай дыяцэзіі.

Вядучым канферэнцыі стаў ксёндз Віктар Місевіч — канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі. У прывітальным слове святар заклікаў прысутных паразважаць над пытаннем, чым для іх асабіста з’яўляецца Божае Нараджэнне: «толькі святочным сталом ці часткай уласнага светапогляду»?


Намеснік старшыні аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Сяргей Фадзеенкаў у сваёй прамове распавёў пра вынікі праведзенага сярод насельніцтва апытання на тэму «Якія асацыяцыі выклікае ў вас слова Раство?». Сярод апытаных толькі адзін працэнт назвалі Езуса Хрыста. На просьбу скончыць фразу «З Раством і Новым годам» апытаныя адказвалі словамі рэкламы, што гучала па тэлевізары.

На канфэрэнцыі прагучала шэсць дакладаў, якія можна ўмоўна падзяліць на блокі: гісторыя, тэалагічны змест, кананічнае права і журналісцкая тэматыка.

Даклады па гісторыі прадставілі дацэнт кафедры усеагульнай гісторыі і сусветнай культуры Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. Машэрава Кацярына Лаўрыненка і студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Мізярска.

Кацярына Лаўрыненка распавяла пра тое, якім чынам адлюстроўвалася святкаванне Божага Нараджэння каталіцкімі вернікамі на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў пасляваенны перыяд у дзяржаўных дакументах — упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР. Наталля Мізярска ў сваім дакладзе распавяла пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння ў асяродку каталіцкай шляхты ў XVII –XVIII стагоддзі.


Даклад ксяндза Віктара Місевіча быў прысвечаны аналізу канонаў з Кодэкса кананічнага права, якія закранюць аспекты святкавання Божага Нараджэння.

Тэалагічным аспектам Адвэнту і святкавання Божага Нараджэння былі прысвечаны даклады сястры ліцэнзіята Дар’і Галубковай, дактаранткі Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта і ксяндза Андрэя Лішко, выкладчыка Гродзенскай вышэйшай духоўнай cемінарыі.

Надзвычай актуальным стаў даклад ксяндза Аляксандра Амяльчэні, дырэктара Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё «Раство Хрыстова ў беларускіх СМІ — медыяльны “дзень сурка”».


Святар закрануў праблему асвятлення свята Божага Нараджэння ў свецкіх беларускіх СМІ, адзначыўшы, што яны засяроджваюцца толькі за перамяшчэннямі і вонкавымі падрабязнасцямі, забываючыся пра сэнс падзеі. «Хрыстус у матэрыялах свецкіх СМІ на каталіцкую тэму пакуль на апошнім месцы», — адзначыў святар.

Высокі ўзровень арганізацыі канферэнцыі і дакладаў, што прагучалі на ёй, адзначыў Аляксандр Лісаў, кандыдат  мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры усеагульнай гісторыі і сусветнай культуры Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. Машэрава.

Даследчык выказаў ахвоту пвялічыць у наступным годзе колькасць удзельнікаў з боку прадстаўнікоў Віцебскага ўніверсітэта і адзначыў, што падобоная канферэнцыя — добры і ўдалы прыклад супрацоўніцтва Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. Машэрава і Віцебскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.

Па матэрыялах канферэнцыі быў выпушчаны зборнік дакладаў.

(KL), (IL)
фота аўтара Кацярыны Лаўрыненкі

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.