Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Жадаем вучыцца ад Марыі моцнай веры і даверу Богу»: завяршыліся ўрачыстасці ў Браславе
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
20.08.2016 15:44

20 жніўня святой Імшой на палявым алтары завяршыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у браслаўскім санктуарыі, якія сёлета праходзілі пад дэвізам «З неспасцігальнай міласэрнасці Бога Я для вас — Маці».

Узначаліў Эўхарыстыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі  Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а таксама шматлікія святары. На літургію прыбылі і прадстаўнікі мясцовых уладаў.



Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

«Гэтае месца дарагое кожнаму з нас, дарагое вернаму люду Браслаўшчыны і аддаленых ваколіц, дарагое таксама тым, якія па волі лёсу апынуліся ў далёкім свеце, але ў чыіх сэрцах засталася любоў і прывязанасць да сваіх родных старонак», — сказаў гродзенскі ардынарый.

«У гэтым асаблівым месцы, асвечаным верай і малітвай, цярпеннем і ахвярай нашых продкаў, мы ўшаноўваем Марыю як Валадарку азёраў. Як жа моцна гэты тытул падкрэслівае сувязь Маці Божай і Яе славутага ласкамі абраза з браслаўскай зямлёй — краінай прыгожых азёраў! Як жа моцна ён выражае мудрасць вернага люду і яго глыбокую, непарушную веру, што Марыя як Маці заўсёды блізкая да нас — сваіх дзяцей! Як жа выразна гэты тытул кажа нам думаць аб жаданні Марыі ўвайсці ў рэчаіснасць нашага жыцця — увайсці па-мацярынску, з бязмежнай любоўю, з чулай абачлівасцю і з сапраўдным клопатам!» — дадаў іерарх.



Кажучы пра тое, што «ў сэрцы кожнага чалавека маці займае асаблівае месца і няма ў свеце большай, больш ахвярнай, адданай і безумоўнай любові, чым любоў маці», біскуп падкрэсліў: «Кожнае марыйнае свята, таксама і сённяшняе, — гэта напамін для нас, што ў асобе Найсвяцейшай Панны Марыі мы маем сваю нябесную Маці. Да гэтай Маці мы прыходзім, да Яе гарнемся, Ёй давяраем нашы праблемы і клопаты. Але ад Яе можам і павінны таксама вучыцца».

«Магчыма, не адзін з вас скажа ў гэтую хвіліну ў сваім сэрцы: “Чаму мы можам ад Яе навучыцца, калі ў Евангеллі Марыя амаль нічога не гаворыць? Марыя ж не чыніла цудаў, не прамаўляла да натоўпу, не мела пры сабе групы вучняў…” Гэта праўда. Аднак жа ад Марыі мы можам многаму навучыцца. Евангелле даносіць да нас толькі некалькі словаў Марыі. Але якія гэта словы! Які сэнс, якая вера, якая моц духу ў гэтых словах Найсвяцейшай Маці!» — звярнуў увагу біскуп Аляксандр Кашкевіч.



«Сёння мы прыходзім да Марыі, бо жадаем вучыцца ад Яе. Жадаем Яе наследаваць у нашым жыцці. Як жа нам патрэбна сёння такая моцная вера і давер Пану Богу», — дадаў гродзенскі ардынарый. Па словах іерарха, «давер Пану патрэбны нам асабліва ў хвіліны выпрабавання, калі нам цяжка, калі нас прыгнятаюць праблемы і цярпенні», але «не толькі церпячыя і няшчасныя павінны вучыцца ад Марыі даверу і вернасці Богу». «Чалавек, які жыве бесклапотна і шчасліва, таксама адкрыты на спакусу адвярнуцца ад Пана Бога, бо нярэдка забывае, што менавіта Богу павінен быць удзячны», — заўважыў біскуп.



«Мы скіроўваем да Марыі нашы даверлівыя позіркі і молім, каб выпрошвала для нас у свайго Сына ласку моцнай веры, — адзначыў іерарх. — Нарэшце, уся гісторыя славутага ласкамі абраза Маці Божай Браслаўскай — гэта таксама гісторыя веры мясцовага люду. Больш за пяць стагоддзяў люд Браслава і ваколіц верна трывае пры Хрысце і Марыі. Трывае, нягледзячы на бурлівую гісторыю гэтых земляў, нягледзячы на ўціскі і пераслед, якія зноў і зноў выстаўлялі веру хрысціян на сур’ёзнае выпрабаванне. Таму верым, што і далей Марыя будзе нас ахінаць плашчом сваёй апекі».

Музычнае аздабленне літургіі стала вынікам працы Школы касцёльнага спеву, якая праходзіла ў Браславе на працягу апошняга тыдня пад кіраўніцтвам Уладзіміра Неўдаха, старшыні Секцыі касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.  



Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў біскупу Аляксандру Кашкевічу за ягоную сённяшнюю паслугу. Нагадваючы, што, паколькі біскуп Аляксандр у свой час нёс святарскае служэнне ў Вострай Браме ў Вільнюсе, віцебскі ардынарый сказаў: «Менавіта таму культ Багародзіцы вельмі блізкі Вашаму сэрцу, і сёння было вельмі ўласціва пачуць з Вашых вуснаў перажыванне і сведчанне Вашага сэрца аб тым, якую ролю Маці Божая адыгрывае ў жыцці чалавека».

Словы падзякі прагучалі з вуснаў віцебскага ардынарыя ў адрас сваіх сабратоў у святарстве і вернікаў — усіх тых, хто паспрыяў падрыхтоўцы сёлетніх урачыстасцяў, і тых, хто прыбыў у санктуарый, каб памаліцца перад абразом Маці Божай Браслаўскай.   

Перад заключнай Імшой адбылася прэзентацыя кнігі «Імя Бога — Міласэрнасць» — размовы Папы Францішка з ватыканістам Андрэа Тарніелі, у якой Пантыфік праз праз успаміны з маладосці і кранальныя эпізоды са свайго пастырскага досведу тлумачыць прычыны абвяшчэння Надзвычайнага Святога Года Міласэрнасці. Кнігу прадставіў ксёндз доктар Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім, паколькі менавіта ён выступіў у ролі касцёльнага кансультанта пры перакладзе кнігі на беларускую мову, які здзейсніў супрацоўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандр Панчанка.



Прэзентуючы кнігу, кс. Мікалай Ціхановіч зачытаў з яе некалькі найбольш вымоўных урыўкаў аб Божай міласэрнасці. Пасля прэзентацыі вернікі мелі магчымасць набыць кнігу.

Кацярына Лаўрыненка, (AG)

Фота Кацярыны Лаўрыненка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў