Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Зямля пад белымі крыламі»: у Росіцы прайшло «свята буслоў»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.05.2016 15:35

«Зямлёй пад белымі крыламі» ў свой час назваў Беларусь класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У сваім нарысе ён пісаў, што вясной «над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы», адзначаючы, што «да пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі».

30 красавіка ў Росіцы, вёсцы на ўскрайку Беларусі, дзе знаходзіцца месца гібелі росіцкіх мучанікаў, адбылося свята «Зямля пад белымі крыламі».

Ініцыятарам правядзення і арганізатарам свята стаў пробашч росіцкай парафіі а. Чэслаў Курэчка МІС, сёлетні лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне».

За некалькі гадоў свайго служэння ў Росіцы айцец Чэслаў Курэчка без перабольшвання змяніў жыццё гэтай маленькай занядбанай вёскі, прычым змяніў не толькі яе выгляд, але і перамяніў духоўна. Многія нават і не здагадваюцца, як выглядала Росіца да прыезду сюды святара. Дзякуючы мазольнай і руплівай працы айца Чэслава з ранняй вясны і да позняй восені тут цвіце вялікая колькасць кветак, палюбавацца на якія прыязджае шмат людзей.

Яшчэ ў Росіцы павялічылася колькасць буслоў — сам святар «запрашае» іх сюды, адмыслова робячы буслянкі. Кожны дзень з моманту прылёту буслы планіруюць над Росіцай, нібы імкнуцца сваімі крыламі ахінуць вёску, баронячы яе ад пошасцяў і навалаў.   

Сам жа святар, які перамяніў жыццё невялікай вёскі, цяпер марыць перамяніць і жыццё іншых мясцінаў, звяртаючы ўвагу вернікаў на тое, што прыгажосць зямлі, якая пачынаецца з прыгажосці душы, можна стварыць усюды, давесці да людзей, што менавіта яны, а не хтосьці іншы, адказныя за ўвесь навакольны свет, за краіну і ўсіх, хто жыве тут. А любое навяртанне, перамяненне пачынаецца з малітвы. Таму ў цёплы і сонечны веснавы дзень святар сабраў у Росіцы вернікаў з усёй дыяцэзіі, каб супольна ўзнесці малітву за Беларусь і за нашы сем’і.

Свята пачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой вернікі маліліся ружанцовай малітвай, просячы аб патрэбных ласках для Беларусі.  

«Там, дзе з’яўляецца духоўнасць, — там пачынае змяняцца свет»

Тэме адносінаў у сям’і была прысвечана канферэнцыя «Экалогія сям’і», якую прамовіў айцец Віталій Сапега ОР, адказны за душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі.



Святар адзначыў, што ў сённяшнім свеце мы сутыкаемся з вялікім крызісам сям’і. Таму, паводле яго слоў, вельмі важнай для сям’і з’яўляецца ў ёй прысутнасць Бога, бо «там, дзе з’яўляецца духоўнасць, там пачынае змяняцца свет».

Кажучы пра біч беларускага грамадства — разводы, айцец Віталь нагадаў і пра яшчэ адну праблему, з якой часта сутыкаюцца людзі: калі можна жыць у сям’і і быць самотным, незразумелым.  
Святар дадаў, што сям’я — гэта месца, дзе людзі вучымся любові, падкрэсліўшы, што, «каб вучыцца любіць — павінна быць супольнасць», а таксама што калі сям’я не хоча збірацца разам, бавіць час — значыць у ёй існуюць праблемы.

Айцец Віталь Сапега падкрэсліў, што «перадусім сям’я павінна збірацца на супольнай малітве», нагадаўшы, што такія сем’і Бог адорвае вялікімі ласкамі. У якасці прыкладу святар распавёў пра сям’ю святога Папы Яна XXIII. У сваім дзённіку святы прыгадваў, што яго сям’я была вельмі бедная, усе былі вымушаны шмат працаваць, але кожны вечар яго дзядзька збіраў усіх на ружанцовую малітву.


Напрыканцы канферэнцыі святар звярнуўся з малітвай да Найсвяцейшай Панны Марыі, просячы Яе аб заступніцтве ў вырашэнні крызісу сям’і ў нашым грамадстве, «каб нашы сем’і сталі сапраўднымі».

«Мой родны кут, як ты мне мілы»

Святую Імшу падчас свята ўзначаліў ксёндз Віктар Місевіч, за спеў быў адказны хор «Гасанна» з віцебскай парафіі Святой Барбары. У гаміліі, якую прамовіў адміністратар парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзісне кс. Вячаслаў Адамовіч, была ўзнята праблема адказнасці чалавека перад Богам за навакольны свет.

Святар падкрэсліў, што, дбаючы аб навакольным асяроддзі, «мы з’яўляемся саўдзельнікамі стварэння», а пра актуальнасць праблемы экалогіі для вернікаў сведчыць факт выдання Папам Францішкам так званай «зялёнай» энцыклікі «Laudato si'».

Пасля Імшы свята працягнулася ў росіцкім клубе, дзе мясцовыя артысты падрыхтавалі для гасцей адмысловую праграму, прысвечаную птушынаму свету. Паміж спевамі праводзілася віктарына, дзе за правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі на памяць магніцікі з выявай Росіцы.


Свой падарунак для вернікаў падрыхтаваў і айцец Чэслаў Курэчка, прачытаўшы ўрывак пра буслоў з паэмы «Новай зямля» Якуба Коласа. Напрыканцы канцэрту святар разам з хорам «Гасанна» выканаў спеў «Мой родны кут». Урачыста і пранікнёна гучалі словы з паэмы Коласа, якія разам спявала ўся зала.

Скончылася свята на свежым паветры, калі ўсе былі запрошаны ў кавярню «У бусла» — так жартаўліва айцец Чэслаў Курэчка назваў пагорак, ля якога знаходзіцца буслянка. Там прысутныя частаваліся грыбной поліўкай, якую прыгатаваў святар па адмысловым рэцэпце, вялі няспешныя размовы ля вогнішча і любаваліся хараством росіцкай прыроды — дарам, створаным Богам.

Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў