Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Марыя, будзь нам прытулкам у надзеі»: у Браславе завяршыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў (+фота) |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
22.08.2015 15:42 |
22 жніўня святой Імшой на палявым алтары завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе. Ранішнюю Імшу ў санктуарыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі Імшу святары, што паходзяць з Браслаўшчыны — а. Чэслаў Курэчка МІС, пробашч з Росіцы, і а. Аляксандр Сапель SDS, які вывучае кананічнае права ў Рыме. ![]() У гаміліі біскуп Алег Буткевіч узняў тэму паклікання. «Кожны з нас пакліканы да вечнага жыцця, да ўдзелу ў Божым жыцці», — падкрэсліў іерарх. Біскуп нагадаў, што вельмі важна, каб чалавек здолеў распазнаць сваё пакліканне, а прыкладам павінна служыць Божая Маці. «Не менш адказным з’яўляецца і ўменне адказаць на гэтае пакліканне», — дадаў віцебскі ардынарый. Урачыстасці ў Браславе сталі добрай нагодай, каб успомніць пра тых, хто патрабуе дапамогі іншых — супрацоўнкі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» збіралі ахвяраванні для дзяцей, хворых на рак. Галоўная святая Імша ў 11.00 сабрала вялікую колькасць вернікаў з усіх куткоў дыяцэзіі. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. ![]() У сваёй гаміліі арцыбіскуп узгадаў гісторыю ўключэння ў літургічны каляндар свята Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы: «Свята ўстанавіў Папа Пій XII у 1954 годзе на завяршэнне Года Марыі. Тады Пантыфік сказаў, што Марыя з’яўляецца Каралевай больш, чым кожнае іншае стварэнне, з-за ўзнёсласці Яе душы і атрыманых дароў, а таксама скарбамі любові і клопату, якімі Яна адорвае чалавецтва». «Што азначае тытул “Марыя Валадарка”? Мы добра ведаем, што такое кароль і каралева. Звычайна гэта людзі, якія маюць уладу і багацце. Аднак гэта не той тып валадарства, якім валодае Езус і Марыя. Езус прыйшоў, каб служыць. Таксама і Марыя паклікана служыць Богу і людзям. У хвіліны Звеставання Яна кажа: “Вось я, слуга Пана”. У Ларэтанскай літаніі мы праслаўляем Марыю як Каралеву анёлаў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, мучанікаў, веравызнаўцаў, паннаў, усіх святых, сем’яў, супакою. ![]() Чарга гэтых заклікаў, якая склалася гістарычна, дапамагае нам зразумець, што Найсвяцейшая Панна Марыя ёсць з намі заўсёды. Таму тытул “Валадарка” з’яўляецца выразам нашага даверу, радасці і любові. Тая, якая ў пэўным сэнсе трымае ў сваіх руках лёсы свету, дапамагае нам заўсёды, – як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI», — дадаў іерарх. Як адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, сёння, паводле добрай традыцыі, мы «збіраемся на берагах славутых Браслаўскіх азёраў, каб праслаўляць Марыю — Валадарку азёраў, як паратунак у людской надзеі». Арцыпастыр згадаў, што першы цуд, учынены Езусам у Кане Галілейскай, адбыўся па просьбе Марыі. «Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Яна заўсёды была прысутная пры цудах, якія здзейсніў Езус, — фізічна або маральна. Стаўшы нашай духоўнай Маці, Яна працягвае гэтую практыку. Люд Божы прыбягае да Яе, шукаючы паратунку, і Марыя не пакідае нас адных», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх адзначыў, што аб даверы людзей да Марыі сведчаць шматлікія санктуарыі і касцёлы ў Яе гонар на ўсіх кантынентах: «Гэта знак асаблівага даверу і ўдзячнасці Марыі за Яе апеку». ![]() ![]() «Беларусь, як іншыя краіны былога Савецкага Саюза, перажыла жахлівыя часы пераследу веры. Аднак падчас гэтага перыяду з намі была Марыя ў сваім фацімскім пасланні, якое давала надзею, нават насуперак надзеі. Тры пакаленні прыгнечаныя народы жылі гэтай надзеяй і не падмануліся. Сёння мы маем свабоду веравызнання і цешымся ёю», — падкрэсліў іерарх. «Марыя, будзь нам прытулкам у надзеі. Ласкава паглядзі на сабраны тут верны народ. Сярод яго мучанікі і сведкі веры, а таксама моладзь, якая знаходзіцца на скрыжаванні дарог і не ведае, якой пайсці, каб з аднаго боку быць сучаснай, а з іншага захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць», — заклікаў напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. ![]() Напрыканцы Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узгадаў свайго папярэдніка, біскупа на пенсіі Уладзіслава Бліна, які паспрыяў заснаванню санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў. Затым біскуп прачытаў Акт аддання ў апеку Маці Божай Валадарцы азёраў. Кацярына Лаўрыненка, фота Аляксандры Шчыглінскай
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.