Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
20-годдзе рэкансэкрацыі касцёла св. Барбары адзначылі ў Віцебску
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
09.09.2013 12:46
7 верасня шматлікія вернікі і святары з Віцебска і ваколіц сабраліся на ўрачыстую святую Імшу ў касцёле святой Барбары, каб адзначыць 20-годдзе рэкансэкрацыі святыні. 

Гамілію падчас Імшы прамовіў а. Міхал Ермашкевіч ОР, пробашч парафіі святой Барбары з 2000 па 2012-ыя гады. Ён узгадаў, як, будучы студэнтам мастацка-графічнага факультэта мясцовага педінстытута, упершыню прыйшоў у гэтую святыню.
 
Апынуўшыся ў касцёле, ён убачыў непрыглядную карціну: усюды стаялі рыштаванні, у скляпеннях віднеліся дзіркі і ўсё было вельмі забруджана. Пры гэтым захаваліся знакі кансэкрацыі святыні — крыжыкі ў вяночку з галінак алівы. Дарэчы, сёння прэзбітэрый і бакавы алтар касцёла ўпрыгожваюць карціны, з любоўю намаляваныя яе былым пробашчам. 

Айцец Міхал прыгадаў, што, зайшоўшы тады ў прэзбітэрый і гледзячы на хоры, ён адчуў, што калісьці будзе служыць у гэтай святыні! Праз некаторы час тады студэнт Міхал Ермашкевіч пачаў хадзіць на Імшу, што цэлебравалася ў капліцы каля касцёла, а неўзабаве, у 1991 годзе, паехаў у Польшчу, каб паступіць у дамініканскі ордэн. Летам 1998 года а. Міхал Ермашкевіч служыў у касцёле святой Барбары прыміцыйную святую Імшу...

Гісторыя касцёла святой Барбары пачалася ў 1783 годзе, калі маршалак Гарадоцкага павета Антоні Косаў уфундаваў маленькі касцёл ля каталіцкіх могілак. У 1875 годзе касцёл быў асвечаны ў гонар святой Барбары. На той час касцёл святой Барбары знаходзіўся па-за межамі горада, таму яго называлі «падвіцебскім». Аднак для дзвюх тысяч парафіян касцёл быў замалы, таму неўзабаве на месцы старога быў пабудаваны новы касцёл.

За ўсю гісторыю парафія спыніла свае існаванне прыкладна ў сярэдзіне 1930-ых гадоў. Апошні святар, які служыў у касцёле святой Барбары, ксёндз Станіслаў Райко, быў арыштаваны і расстраляны ў 1937 годзе. Не была адроджана дзейнасць парафіі і ў часы ваеннага ліхалецця, а сам касцёл быў пашкоджаны. У 1950-ыя гг. на месцы каталіцкіх могілак побач з касцёлам была размешчана аўтабаза…

Наступныя падзеі, калі напрыканцы 1980-ых пачала змяняцца атмасфера ў грамадстве, выратавалі касцёл ад канчатковага разбурэння. У 1987 годзе гарвыканкам даручыў аддзелу культуры праектаванне рэстаўрацыі касцёла, каб  адчыніць тут арганную залу. У 1988 годзе касцёл святой Барбары быў унесены ў спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння і, такім чынам, узяты пад ахову дзяржавы.

У пачатку 1990-га года жыхарка Віцебска Станіслава Семеракова і іншыя вернікі дамагаліся адкрыцця зачыненай саветамі святыні. У тым жа годзе ў Віцебск прыехаў дамініканін а. Януш Скэнчэк. Першапачаткова святую Імшу ён цэлебраваў у прыватным доме, пасля — у капліцы каля касцёла. 

А колькі ж прыйшлося папрацаваць, каб давесці святыню да ладу! «А маліцца ў касцёле пачалі яшчэ, калі ён рамантаваўся. Усюды стаялі рыштаванні, падлогі яшчэ нават не было, а мы ўжо на Імшу збіраліся, — успамінае парафіянка Рэгіна Марцюль. — Але найбольш высілкаў і намаганняў трэба было прыкласці ў аднаўленне парафіяльнай супольнасці». 

Нягледзячы на тое, што ўжо ў 1990 годзе віцебскія вернікі прасілі дзяржаву зарэгістраваць іх парафію, чакаць ім, аднак, прыйшлося яшчэ два гады.
 
7 лютага 1992 года парафія Святой Барбары, нарэшце, была афіцыйна зарэгістраваная органамі ўлады і касцёл быў перададзены вернікам. Праўда, на працягу яшчэ некалькіх гадоў у касцёле адбываліся канцэрты арганнай музыкі, аднак віцебскія вернікі ўжо мелі свой дом малітвы. 5 чэрвеня 1993 года кардынал Казімір Свёнтэк паўторна асвяціў адбудаваную святыню.
 
З утварэннем у 1999 годзе Віцебскай дыяцэзіі касцёл святой Барбары стаў катэдральным. Пазней у Віцебску былі ўтвораны іншыя парафіі, а ў 2011 годзе віцебскай катэдрай стаў касцёл Езуса Міласэрнага. Ад пачатку адраджэння дзейнасці парафіі сваю паслугу тут нясуць дамініканцы.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў