У Ружанах адзначылі 400-годдзе асвячэння касцёла | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.06.2017 11:55

17 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах прайшлі ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя асвячэння парафіяльнай святыні.

У гэты дзень святую Імшу ў Ружанах узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.



Касцёл у Ружанах быў пабудаваны ў 1617 г. ў стылі позняга рэнесансу дзякуючы намаганням князя Льва Сапегі. У 1779 г. святыня была перабудаваная ў стылі ранняга класіцызму па праекце архітэктара Яна Самуэля Бэкера. Пазней касцёл рэстаўраваўся ў 1850 і 1891 г.

Каталіцкая парафія ў Ружанах заставалася без пробашча толькі кароткі час у сярэдзіне XX ст. У 1945 г. мясцовы святар павінен быў выехаць у сувязі з жорсткім атэістычным пераследам. Душпастырскай апекай мясцовых вернікаў займаўся кс. Ізідор Борыс з вёскі Косава. У 1956 г. у Ружанах зноў з’явіўся свой пробашч — ксёндз Міхал Варанецкі СМ.

Ён даязджаў з душпастырскай паслугай да вернікаў у Шарашова, Поразава, Косава, Слонім і ў шматлікія іншыя мясцовасці. У найбольш цяжкія часы атэістычных пераследаў святыня ў Ружанах і яе ахвярны пробашч сталі асаблівым аазісам веры для цэлых пакаленняў вернікаў з вялікага рэгіёна Беларусі, бо тут яны маглі прыступіць да святых сакрамэнтаў, падтрымліваць жывы кантакт з душпастырам.

Чытайце таксама:

У 1990 г., калі мінулі часы агрэсіўнай атэізацыі і з’явілася магчымасць свабоднага вызнавання веры, святыня ў Ружанах адкрыла новую старонку ў гісторыі нашага лакальнага Касцёла.


Мястэчка Ружаны акрамя велічнай каталіцкай святыні мае вядомы палацавы комплекс былой рэзідэнцыі князёў Сапегаў.
(cath)

 
© 2003-2024 Catholic.by