Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
У Баранавічах абвешчаны чацвёрты санктуарый Маці Божай у Пінскай дыяцэзіі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
13.05.2017 20:38

13 мая, у 100 гадавіну фацімскіх аб'яўленняў, касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя і стаў чацвёртым санктуарыем пасля Лагішына, Брэста і Іванава ў Пінскай дыяцэзіі.

У пачатку 1990-х кардынал Казімір Свёнтэк сустрэўся з сястрой Люцыяй, адной з тых знакамітых пастушкоў, якім Маці Божая аб'явілася ў партугальскай Фаціме. Пасля гэтай сустрэчы ён вырашыў назваць адзін з касцёлаў у Баранавічах у гонар Маці Божай Фацімскай. Так распачалася гісторыя баранавіцкага «касцёла на Паўночным».

Гісторыю заснавання касцёла ўдзельнікам урачыстасці распавёў пробашч парафіі а. Конрад Патыка SVD. У 1990-я сюды прыходзіла толькі чалавек 40. Сёння ж парафія развіваецца і колькасць вернікаў у ёй павялічваецца. А кожнае лета ад касцёла Маці Божай Фацімскай стартуе пілігрымка ў Будслаў.

Устанаўленне санктуарыя адбылося на пачатку святой Імшы. Ксёндз Андрэй Рылка зачытаў распараджэнне біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі, пасля чаго набажэнства працягнулася.

«Устанаўленне дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах у 100-ю гадавіну аб’яўленняў — гэта адмысловы знак і сведчанне жывой веры і марыйнай пабожнасці на нашай зямлі. У гісторыі Паўсюднага Касцёла санктуарыі заўсёды звязаны з навяртаннем і паяднаннем, малітвай і пакаяннем. Гэтыя духоўныя практыкі набіраюць асаблівага значэння ў святле паслання Марыі з Фацімы», – заўважыў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Тэкст гаміліі біскуп ТУТ 

«Мы сёння дзякуем Богу за тагачаснага пробашча і будаўнічага, які выбіраў гэтае меца — ксяндза Ежы Мазура, цяперашняга біскупа і ардынарыя Элцкай дыяцэзіі ў Польшчы. Таксама дзякуем за тых святароў і кансэкраваных асобаў, якія тут вялі і вядуць душпастырскую дзейнасць, ажыццяўляюць сацыяльнае служэнне на карысць патрабуючым», – падкрэсліў Пінскі ардынарый.

На свята прыехалі шматлікія вернікі з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. Далучыліся да арганізацыі ўрачыстасці таксама навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Святочны настрой у гэты дзень дапамагаў ствараць прыгожы спеў хора.

Устанаўленне яшчэ аднаго санктуарыя – безумоўна, вялікая падзея для ўсёй Пінскай дыяцэзіі. Гэта падзея, якая адгукнулася ў сэрцах саміх вернікаў.

Галіна Луцко з Баранавіч наведвае касцёл Маці Божай Фацімскай ад самога яго асвячэння. Узгадваючы савецкі перыяд пераследу веры, жанчына вельмі цешыцца, што сёння можна свабодна прыходзіць у святыню.

«Я вельмі радуюся таму, што Бог нам дазваляе сустракацца і маліцца, а таксама прыводзіць іншых у касцёл. Няхай Ён нас усіх благаславіць. Маці Божая – гэта нашая заступніца. Таму я вельмі спадзяюся на яе абарону і апеку. Малюся да яе кожны дзень», – распавяла Галіна.  

«Я адчуваю радасць і спакой ад таго, што сёння адбываецца. Нават сонца свеціць. Вельмі ўдзячная, што наш касцёл мае гонар называцца Санктуарыем», – дзеліцца студэнтка Анастасія.

На парафіяльны фэст многія прыйшлі цэлымі сем’ямі. Са сваёй сям’ёй сюды прыйшла і Вольга Антанюк. «Гэта вялікае шчасце і гонар для нас, а таксама адначасова вялікая адказнасць», – заўважае жанчына.

Пачуцці сваёй цёткі падзяляе яе пляменніца Настасся, якая з задавальненнем наведвае ў мясцовым касцёле катэхезы для дзяцей.

Пасля святой Імшы духавенства і вернікі Пінскай дыяцэзіі, а таксама госці з іншых дыяцэзій прайшлі ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла. Такое вядомае і такое сваё «Авэ Марыя» разносілася па ваколіцах, праслаўляючы Тую, Якой быў прысвечаны гэты дзень.

Напрыканцы набажэнства біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка яшчэ раз падзякаваў усім людзям, якія служылі ў гэтым касцёле Маці Божай Фацімскай, і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Завяршылася ўрачыстасць выступленнем парафіяльнага моладзевага гурта.


Марына Валасар, фота бр. Карнэлія Консэка SVD

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.