Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Лагішыне адзначылі 20-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Каралевы Палесся
Беларусь - Пінская дыяцэзія
11.05.2017 10:15

Урачыстасці з нагоды 20-й гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Лагішынскай і ўстанаўлення дыяцэзіяльнага санктуарыя Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Палесся адзначылі 9 мая ў Лагішыне.

20 гадоў таму, 10 мая 1997 года, цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста каранаваны. Кароны, благаслаўлёныя Папам Янам Паўлам II, былі прывезеныя ў Беларусь і ўскладзеныя на абраз кардыналам Казімірам Свёнткам, які ў той час быў ардынарыем Пінскай дыяцэзіі.  

20 гадоў таму Маці Божая ў Лагішыне была ўрачыста абвешчана Каралеваю Палесся і заступніцаю Пінскай дыяцэзіі.


25 гадоў таму была адноўлена пешая пілігрымка Пінск-Лагішын


Яшчэ адзін юбілей прыпаў на сёлетнія ўрачыстасці — 25 гадоў таму пасля некалькіх дзесяцігоддзяў вымушанага атэізмам перапынку была адноўлена пешая пілігрымка з Пінска ў Лагішын.

Вось і сёлета вернікі з розных куткоў Пінскай і іншых дыяцэзій, пераважна моладзь, прыбылі ў Пінск. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, быў адкрыты чарговы сезон пешых пілігрымак да санктуарыяў Маці Божай у Беларусі.

Узначаліў юбілейнае духоўнае падарожжа рэктар духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка. Частку шляху разам з пілігрымамі прайшоў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.


Сёлетняя майская ўрачыстасць у Лагішыне сабрала каля цудадзейнага абраза Панны Марыі святароў, дыяканаў, семінарыстаў і шматлікіх вернікаў — мясцовых парафіянаў і пілігрымаў.

Біскуп Антоні Дзям’янка ў сваёй гаміліі адзначыў, што пілігрымка з’яўляецца важным сведчаннем і праяўленнем пашаны да Маці Божай. Іерарх узгадаў пра небяспеку для веры, Касцёла і сям’і, якая існуе ў сучасным свеце, і паказаў Найсвяцейшую Панну як тую, якая з’яўляецца прыкладам і дапамогай, якая ўзносіць да Езуса нашы просьбы і малітвы, але таксама наш боль, смутак і цярпенне.


«Нашае жыццё з’яўляецца доўгім шляхам пілігрыма. На гэтым шляху мы сустракаемся з рознымі выпрабаваннямі.  Аднак Езус заўсёды побач.  Ён кажа нам: не бойцеся, Я з вамі.  І Марыя заўсёды нам кажа: зрабіце ўсё, што Ён вам загадае. Такому стану рэчаў вучыць нас пілігрымка. Вучыць нас веры і адчуванню блізкасці Бога», — сказаў іерарх. 

Тэкст гаміліі біскупа цалкам

«Кожнаму з нас неабходна сардэчнае сяброўства з Езусам і Марыяй. І тады мы будзем добрымі апосталамі ў сучасным свеце. Каля абраза Маці Божай Каралевы Палесся памолімся, каб у адносінах да блізкіх асоб і кожнага чалавека, якога сустрэнем, мы былі вернымі сведкамі Божай праўды пра чалавека і Божай любові да чалавека», — заклікаў біскуп.

Аднаўленне абяцанняў

Напрыканцы святой Імшы адбылося аднаўленне абяцанняў, складзеных 20 гадоў таму перад абразом Маці Божай тагачасным кусташам санктуарыя кс. Міраславам Жлабінскім FDP.


Сённяшні ахоўнік санктуарыя, кс. Тадэвуш Шэшка FDP, урачыста абяцаў берагчы святыню Каралевы Палесся, клапаціцца пра цудадзейны абраз, атачаць пашанаю Найсвяцейшую Панну Марыю і нястомна пашыраць яе культ, даючы сведчанне пра цуды і навяртанні, якія адбываюцца праз заступнітцва Багародзіцы.


Пасля аднаўленняў абяцанняў кусташам прысутныя даверылі сябе ў малітве апецы Маці Божай, абяцаючы наследаваць яе і з яе дапамогай нястомна ісці шляхам нашага Збаўцы Езуса Хрыста.

Дк. Андрэй Багдановіч, фота Андрэя Бурака

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.