Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.05.2017 14:58

Дарагія дыяцэзіяне!

Бягучы год вельмі важны ў жыцці Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце і ў нашай краіне. Мы перажываем 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Гэта вельмі важная і ўзнёслая для нас падзея, да якой мы рыхтаваліся на працягу адмысловай навэнны.

Марыя, аб’явіўшыся траім пастушкам — Гіяцынце, Францішку і Луцыі, — перадала пасланне для ўсяго свету. З Яе словамі былі звязаны таямніцы, а таксама канкрэтныя просьбы і абяцанні.

Падчас аб’яўленняў Фацімская Пані паказвала загубленасць свету, які страціў Бога і маральныя нормы, адкідваючы Божыя запаведзі. Яна перасцерагала, што шмат душ ідзе ў пекла. Праз пасрэдніцтва пастушкоў прасіла аб малітве і пакаянні, каб выратаваць свет ад вайны, а людскія душы — ад асуджэння. Прасіла ахвяраваць цярпенні як кампенсацыю Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса і Беззаганнаму Сэрцу Марыі за грахі і знявагі.

Добра ведаем, што асаблівым клопатам Марыя агарнула нашу зямлю, на якой мы жывём. Яна выразна заклікала, каб Святы Айцец прысвяціў Расію Яе Беззаганнаму Сэрцу ў спецыяльным урачыстым акце малітвы, што адбылося 25 сакавіка 1984 г. Здзейсніў гэта св. Ян Павел ІІ. Неўзабаве распачаўся час асаблівай ласкі, адраджэння нашай веры, вяртання і адбудовы касцёлаў, будаўніцтва новых святыняў, адраджэння структур Касцёла, адкрыцця семінарыі, аднаўлення нашай Пінскай дыяцэзіі.

Мы можам сёння з глыбокім перакананнем сцвярджаць, што абяцанні Марыі споўніліся і надалей здзяйсняюцца на нашых вачах. Таксама дзякуючы і нашым малітвам, пастам і прынятым цярпенням Фацімская Пані адорвае наш пінскі Касцёл і нашу краіну спакоем. Дзякуючы нашай актыўнасці ў распаўсюджванні Яе культу мы сапраўды адчуваем сябе Яе дзецьмі, адчуваем Яе святую прысутнасць і апеку. Мы верым усім сэрцам, што фацімскія абяцанні, перададзеныя праз дзяцей у 1917 г., здзяйсняюцца, прамянеюць спакоем, абуджаюць любоў да Касцёла, а таксама клопат аб збаўленні нашых братоў і сясцёр.

У гэтым годзе, прысвечаным Марыі, а асабліва ў месяц май, мы не можам не ўзгадаць, што ў нашых намаганнях на шляху да збаўлення і святасці ад самага пачатку існавання дыяцэзіі нас падтрымлівае наш нябесны Заступнік — святы Андрэй Баболя. Ён абвяшчаў слова Божае нашым продкам, удзяляў сакрамэнты, быў замучаны і забіты за веру, бо ў сэрцах людзей не хапала адзінства і згоды, бо панавалі канфлікты і нянавісць. А сёння Ён заступаецца за нас. Святы Андрэй Баболя нагадаў пра сябе. Былі знойдзены Яго рэліквіі. А знакі і цуды, якія выпрошваліся праз Яго заступніцтва, умацоўваюць веру, вядуць да адзінства і напаўняюць сэрцы надзеяй.

Таму мы ўсе радуемся гэтаму святому Палескай зямлі. Дзякуем добраму Богу за гэты незвычайны дар Яго заступніцтва. Няхай гэтыя майскія дні ў нашай дыяцэзіі будуць напоўнены малітвай да Маці Божай і да св. Андрэя Баболі, няхай прынясуць нам спакой і багацце духоўных дароў, якімі зможам падзяліцца з іншымі.

Сардэчна заклікаю, каб ва ўсіх касцёлах нашай дыяцэзіі была ўзнесена да Бога малітва Навэнны перад урачыстасцю св. Андрэя Баболі (з 7 па 15 мая). А 16 мая ў кожным касцёле будуць цэлебравацца ўрачыстыя святыя Імшы, да ўдзелу ў якіх сардэчна ўсіх заахвочваю.       
Умілаваныя! Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар нашага святога апекуна адбудуцца сёлета 20 мая ў суботу. Распачнём іх у 12.00 каля крыжоў адзінства, на месцы, дзе быў схоплены і распачаў свой мучаніцкі шлях св. Андрэй Баболя, на цяперашняй вул. Леніна ў Іванаве (Янаве Палескім). Адтуль пройдзем у традыцыйнай працэсіі з рэліквіямі святога да санктуарыя. Там у 13.00 адбудзецца ўрачыстая св. Імша, падчас якой будзем праслаўляць Бога і дзякаваць за дар фацімскіх аб’яўленняў і заступнітцва св. Андрэя Баболі.

Сардэчна запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтых урачыстасцях. Няхай нашы духоўныя высілкі пілігрымавання ў дыяцэзіяльны санктуарый у Іванаве прынясуць благаслаўлёны плён усяму мясцоваму Касцёлу, для ўсіх шанавальнікаў Маці Божай і заступніка Палесся — святога Андрэя Баболі.

З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
      Біскуп Пінскі

Пінск, 2 мая 2017 г.


Шаноўныя святары абвесцяць гэты камунікат падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 7 мая і размесцяць яго тэкст на дошцы аб’яў у парафіі ўвесь месяц май

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Пінская дыяцэзія

24.05 10:39У Гомелі пабудуюць унікальны цэнтр для дзяцей-інвалідаў
22.05 11:39У Іванаве ўзгадалі св. Андрэя Баболю ў 360-ю гадавіну яго мучаніцкай смерці
15.05 09:15Іванава: невядомыя разбілі памятны знак у гонар св. Андрэя Баболі
13.05 20:38У Баранавічах абвешчаны чацвёрты санктуарый Маці Божай у Пінскай дыяцэзіі
11.05 10:15У Лагішыне адзначылі 20-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Каралевы Палесся
09.05 13:03Студэнты і выкладчыкі пінскай семінарыі падчас маёўкі наведалі Закапанае
05.05 14:58Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
04.05 11:42Касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах стане дыяцэзіяльным санктуарыем
04.05 11:34Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі аб устанаўленні Дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай
03.05 18:03Адышла ў вечнасць Рэгіна Бялевіч — маці а. Пятра Бялевіча ОМІ