Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі аб устанаўленні Дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.05.2017 11:34

Дарагія дыяцэзіяне!

Праз некалькі дзён, 13 мая 2017 г., у сотую гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, будзе абвешчаны яшчэ адзін марыйны санктуарый у нашай Пінскай дыяцэзіі.

Святы Касцёл заўважыў Баранавічы як асаблівае месца ў Беларусі, дзе рупліва збіраюцца вернікі, узносячы да Бога малітвы праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны. Божы Провід пакіраваў такім чынам, што па благаслаўленні святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, стараннямі вернікаў, а таксама айцоў-місіянераў Божага Слова, у гэтым горадзе паўстала святыня ў гонар Маці Божай Фацімскай, якая была асвячана ў 1996 г. з нагоды 80-ай гадавіны аб’яўленняў.

Ад пачатку гэтая марыйная святыня ў Баранавічах збірала вернікаў, а таксама была выбрана як месца сустрэч дэлегатаў Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзіі. З гэтага касцёла штогод выходзіць дыяцэзіяльная пілігрымка да марыйнага санктуарыя ў Будслаў. Гэта месца асаблівай сустрэчы вернікаў з Маці Божай, якая вядзе кожнага да свайго Сына — Езуса Хрыста.

Устанаўленне Дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах у 100-ю гадавіну аб’яўленняў — гэта адмысловы знак і сведчанне жывой веры і марыйнай пабожнасці на нашай зямлі. У гісторыі паўсюднага Касцёла санктуарыі заўсёды звязаны з навяртаннем і паяднаннем, малітвай і пакаяннем. Гэтыя духоўныя практыкі набіраюць асаблівае значэнне ў святле паслання Марыі з Фацімы.

Заахвочваю ўсіх вернікаў да ўдзелу ва ўрачыстасцях, якія адбудуцца 13 мая бягучага года ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, дзе ў часе св. Імшы ў 12.00 адбудзецца ўстанаўленне Дыяцэзіяльнага санктуарыя.

Няхай гэтае святое месца жыве і развіваецца на хвалу Бога. Няхай будзе прасторай асаблівай сустрэчы чалавека з Богам, дадзенай нашай дыяцэзіі. Няхай будзе домам Маці, якая паказвае шлях да Сына, а праз Сына, у Духу Святым, да Дому Айца. Прымем жа гэты дар Касцёла як духоўны абавязак і заданне.

На пілігрымаванне да новага санктуарыя з сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка
      Біскуп Пінскі
Пінск, 03.05.2017 г.

Шаноўныя святары абвесцяць гэты камунікат вернікам у нядзелю 7 мая 2017 г. і размесцяць гэты тэкст на дошцы аб’яў перад касцёлам на ўвесь месяц май.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.