Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шукаць свой шлях разам з Богам: рэкалекцыі на тэму паклікання прайшлі ў Брэсце
Беларусь - Пінская дыяцэзія
01.05.2017 18:36

Хто я і куды іду? Тэме паклікання былі прысвечаныя моладзевыя рэкалекцыі, якія прайшлі з 28 па 30 красавіка ў доме сясцёр кармэлітанак Дзіцятка Езус, якія нясуць служэнне ў адной з парафій горада Брэста .

Некалькі разоў на год сёстры запрашаюць святароў з розных дыяцэзій для правядзення рэкалекцый. Гэтым разам разважаць на тэму паклікання моладзі дапамагаў кс. Валерый Марціноўскі.


«Нам часам не хапае адвагі, каб стаць перад самімі сабой у праўдзе — такімі, якімі з’яўляемся. Мы можам нават мець штосьці ў жыцці, чагосьці дасягаць, але ўнутры адчуваць пустэчу… Таму вельмі важна часам спыніцца, зазірнуць у глыбіню самога сябе і запытаць у Бога: «што Ты ад мяне хочаш, якой дарогай мне ісці», — заўважыла сястра Вераніка з Кангрэгацыі сясцёр кармэлітанак на супольнай размове напачатку рэкалекцый.

У сустрэчы прымала ўдзел моладзь з Брэста, Гродна, Мінска, а таксама з Польшчы.

Падчас тэматычных разважанняў кс. Валерый Марціноўскі звярнуўся да момантаў паклікання розных прарокаў і апосталаў у Бібліі, заўважаючы, што кожнага з іх Бог паклікаў па-свойму.

«Гэтаксама ў кожнага з нас можа быць свой спосаб знаходжання паклікання», — падкрэсліў святар. Але ўсе схемы паклікання, паводле слоў рэкалекцыяніста, зводзяцца да некалькіх элементаў.

Спачатку Бог становіцца перад чалавекам ва ўсёй сваёй велічы і ў вялікай таямніцы. Затым адбываецца сустрэча чалавека з самім сабой, са сваёй сапраўднай сутнасцю, з тымі рознымі страхамі, сумненнямі, якія могуць быць у душы… «Бог ніколі не адкідае людскога элементу ў пакліканні», – заўважыў кс. Валерый Марціноўскі.

А потым, ва ўсіх схемах паклікання з’яўляецца элемент руху, калі чалавек павінен выйсці са сваіх зручных межаў і ўзрастаць.
Але Бог, як адзначыў рэкалекцыяніст, чакае ад чалавека свядомага і дабравольнага адказу на пакліканне, а таксама вялікага даверу і паслухмянасці. У той жа час «Бог заўсёды кліча для дабра супольнасці, для дабра Касцёла».

Каб лепш зразумець дарогу, якую праходзіць чалавек на шляху свайго паклікання, падчас рэкалекцый быў разгледжаны прыклад апостала Пятра, якому прыйшлося прайсці нават праз адрачэнне ад Езуса, перш чым Бог паказаў яму яго сапраўдны шлях.

«Прыклад апостала Пятра паказвае нам, што Бог можа адрэстаўраваць тваё жыццё і паклікаць цябе зноў, калі ты сам будзеш гатовы пайсці за Ім», — заўважыў кс. Валерый Марціноўскі падчас разважання.

Адказы на свае пытанні ў сферы паклікання моладзь шукала таксама і самастойна падчас супольнага разважання над Божым словам у цішыні ў альтанцы каля кляштара. Тут кожны мог пры жаданні падзяліцца тымі словамі і натхненнямі, якія прыйшлі да яго падчас разважання.

Таксама моладзь паглядзела фільм пра знакамітага італьянскага лекара — св. Джузэпэ Маскаці.

Ну і, канешне ж, рэкалекцыі спрыялі пошуку сябе, бо яны давалі іх удзельнікам духоўную падтрымку — магчымасць споведзі, адарацыі і ўдзелу ў  святой Імшы.

«Дом сясцёр кармэлітанак Дзіцятка Езус — з першага погляду месца не заўважнае, але напоўненае любоўю. Тут сёстры сваёй працай і малітвай ствараюць атмасферу, якая дапамагае шукаць Бога. Я лічу, што такіх рэкалекцый павінна быць больш. І ў іх павінна ўдзельнічаць большая колькасць моладзі. Нашым заданнем з’яўляецца не толькі знайсці сваё пакліканне, а і дапамагчы зрабіць гэта іншым», — лічыць удзельнік рэкалекцый з Польшчы Марыюш.

«Тэма паклікання ў мой цяперашні жыццёвы час вельмі актуальная. Я шукаю сваё месца ў жыцці і хачу адшукаць гэты шлях разам з Богам, – падзялілася Вераніка з Гродна. — Рэкалекцыі ўжо скончаны, але ўпершыню я ўжо адчуваю іх плён. Інтэнцыя, з якой я прыехала, ужо амаль пачала рэалізоўвацца. На такія сустрэчы варта ездзіць, каб прыслухоўвацца да голасу Бога. Трэба ісці наперад, шукаючы свой шлях і рабіць гэта толькі з Богам».

Для Ганны Вышамірскай з Брэста гэтыя рэкалекцыі дапамаглі па-іншаму паглядзець на сэнс паклікання:

«Асабіста я ніколі не задумвалася, што пакліканне — гэта таямніца Бога, якая і будзе ёй заставацца. Чаму? Як? А можа ў мяне не атрымаецца? Гэтыя пытанні, як высветлілася, увогуле не важныя і не патрэбныя, а патрэбна паслухмянасць, каб ісці дарогай паклікання», — заўважыла дзяўчына.

Лагічным завяршэннем рэкалекцый стала супольная святая Імша — сустрэча з тым, хто заўсёды ведае, хто ты, і куды табе трэба ісці.

Марына Валасар, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.