Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Паслугі акалітату прынялі двое навучэнцаў пінскай семінарыі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
21.03.2017 15:26

19 сакавіка ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося ўдзяленне паслуг акалітату.

У якасці кандыдатаў на іх прыняцце былі прадстаўлены два семінарысты: навучэнец 5 курса Павел Сідарэнка і навучэнец 4 курса Януш Чарнамораў. Удзяленне паслуг праходзіла падчас святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі іерарх адзначыў важнасць служэння акаліта як памочніка прэзбітэра і заклікаў кіравацца ў ім прыкладам першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага — руплівага і адданага пастыра.

Пасля святой Імшы новапрызначаныя акаліты падзякавалі ардынарыю, а таксама кіраўніцтву семінарыі за нялёгкую шматгадовую працу па фармаванні будучых святароў.

Таксама дзень 19 сакавіка стаў апошнім у другой акцыі «Семінарыст на ўік-энд», што сабрала юнакоў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, якія прыехалі, каб бліжэй пазнаёміцца з семінарыяй і паразважаць над сваім пакліканнем.

Міждыяцэзільяная духоўная семінарыя ў Пінску запрашае да ўдзелу ў акцыі «Семінарыст на ўік-энд» юнакоў ад 14 гадоў і мужчын, якія жадаюць распазнаць сваё пакліканне, памаліцца, паразмаўляць з семінарыстамі і святарамі-фарматарамі. Чарговая магчымасць паўдзельнічаць у акцыі запланавана на 22–23 красавіка.

Запіс і дадатковая інфармацыя па нумары:
+375 (25) 604-41-86

Арцём Кір’янаў (VGr)
Фота Андрэя Бурака

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.