Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча моладзі ў Брэсце: «Міласэрнасць дапамагае адчуць любоў Бога»
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.11.2016 11:49

«Павер у сваю прыгажосць, павер, што сапраўды створаны для вялікіх рэчаў», — такія словы пачула моладзь Пінскай дыяцэзіі на традыцыйнай штогадовай сустрэчы. 26 лістапада маладыя католікі з’ехаліся ў горад над Бугам, каб праславіць Бога спевамі, паразважаць над Яго міласэрнасцю і набрацца сілаў для штодзённых духоўных бітваў.

Арганізатарам і каардынатарам сустрэчы стаў кс. Аляксандр Канановіч. Дапамагалі ў арганізацыі сёстры кармэліткі ад Дзіцятка Езус, сёстры шарыткі, супрацоўніцы касцёла Узвышэння Святога Крыжа і моладзь з Брэста. Спевамі аздаблялі сустрэчу ўдзельнікі музычнага праекта Пінскай дыяцэзіі «Крок за крокам».

На сустрэчы прысутнічаў таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Што такое Божая міласэрнасць, як яна праяўляецца ў нашым жыцці і якія ёсць «прыступкі» да пазнання сапраўднай міласэрнасці Бога — гэтыя пытанні закраналіся падчас сустрэчы. Разабрацца ў іх дапамагаў духоўны кіраўнік сустрэчы кс. Валерый Марціноўскі.

Прыступкі да міласэрнасці

На заканчэнне Года Божай Міласэрнасці менавіта тэма міласэрнасці стала цэнтральнай для разважання ў Брэсце.

Як чалавек уздымаецца ўгару па прыступках, так па прыступках у сваім жыцці ён паступова адкрывае сапраўдную міласэрнасць і любоў Бога Айца. Так паступова разам з кс. Валерыем Марціноўскім моладзь Пінскай дыяцэзіі ўзгадвала і знаёмілася больш глыбока з тым, як праяўляецца Божая міласэрнасць у жыцці. Такіх прыступак было вылучана дзевяць, и кожная з іх распавядала, чым з’яўляецца Божая міласэрнасць.

Божая міласэрнасць, паводле слоў кс. Валерыя Марціноўскага, — гэта рэакцыя на зло, якое ёсць у свеце; яна дапамагае чалавеку адчуць Божую любоў.

«За намі цягнецца родавая гісторыя, а таксама гісторыя блізкіх, якія нас ранілі. І мы носім гісторыі гэтага непрабачэння. Давайце папросім Бога, каб мы зноў былі ў стане прабачыць», — заахвоціў удзельнікаў сустрэчы кс. Валерый Марціноўскі.

На другой прыступцы ў чалавека павінна з’явіцца свядомасць таго, што Бог міласэрны сапраўды да кожнага: «Бог кажа: “Ты — найпрыгажэйшы Мой твор. Таму павер у сваю прыгажосць, павер, што сапраўды створаны для вялікіх рэчаў”».

У дакладзе святар заўважыў, што Божая міласэрнасць — гэта магчымасць убачыць у іншым чалавеку Божыя каштоўнасці, але найперш гэтыя каштоўнасці і вартасці патрэбна ўбачыць у самім сабе.

Колькі ў табе Божых дароў! Калі б ты адкрыў іх у сабе, то змог бы адкрыць таксама і ў бліжніх. Бо любоў даходзіць часам да абсурду, калі чалавек становіцца для Бога важней за ўсё. Таму невыпадкова, што вы тут. Гэтай ноччу Бог хоча прамовіць вам штосьці важнае. І, напэўна, гэтыя словы будуць для вас словамі любові», — падкрэсліў кс. Валерый Марціноўскі.

Міласэрнасць, паводле слоў святара, — гэта таксама змена ментальнасці, гэта найлепшая рэакцыя на бяду чалавека, веданне чалавека і імкненне зразумець яго сітуацыю; гэта «погляд на веру як на моц цярпення», але перадусім — гэта ўчынкі, учынкі для душы і цела бліжняга.

Міласэрнасць — у чысціні цела і душы

Паразважаць над пачутым, а таксама духоўна «акунуцца ў Божую міласэрнасць» удзельнікі сустрэчы змаглі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ружанец і Вяночак да Божай Міласэрнасці сталі магчымасцю добрага духоўнага падсілкавання для маладых сэрцаў.

Святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка, была цэнтральнай часткай сустрэчы.

«Не трэба думаць, што Бог, нібы цвёрды дыск, усё запісвае. Запісвае, але, калі да Яго прыйдзеш з пакаяннем, то Ён, маючы сэрца і міласэрнасць да чалавека, прапускае праз сваё сэрца ўсё тое дрэннае, з чаго спавядаемся, і знішчае гэта. Вось якая Божая любоў і міласэрнасць. Езус — гэта наш паратунак. Бо, каб не Ён, то мы былі б знішчаныя”», —заўважыў біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі.

Таксама іерарх закрануў вельмі важную для моладзі тэму — тэму дашлюбнай чыстасці і цнатлівасці.

«Трэба вучыцца жыць у чыстасці. Бо сіла сексуальнасці дадзена для працягу роду. І, напэўна, кожны хлопец хоча, каб яго дзяўчына, у будучыні — жонка, перад шлюбам была цнатлівай. Цнатлівасць — гэта скарб, але за яго трэба маліцца. Ці мы молімся за нашых дзяўчат, каб яны былі цнатлівымі? Бо, калі будуць цнатлівымі, то тады, напэўна, будзе моцнай сям’я і моцным будзе грамадства», — падкрэсліў пінскі ардынарый.

Практычнай часткай сустрэчы была праца ў групах. Кожная група атрымала ад кс. Валерыя Марціноўскага свой урывак з Евангелля і заданне знайсці ў ім прыклады Божай міласэрнасці. Пасля невялікага абмеркавання прадстаўнікі кожнай групы прадставілі вынікі працы і падзяліліся сваімі думкамі з іншымі групамі.

Напрыканцы сустрэчы моладзь з розных парафій Пінскай дыяцэзіі прадставіла свае інсцэніроўкі.

Парафія Святога Юзафа ў Брэсце ўразіла гледачоў тэатрам ценяў. Знакамітая гісторыя св. Кацярыны Лябурэ і стварэння цудадзейнага медальёна Маці Божай Беззаганнага Зачацця ажыла ў незвычайных вобразах і артыстычнай гульні акцёраў.

Хлопцы і дзяўчаты з Баранавіч падрыхтавалі пастаноўку на тэму Апошняга суду і прышэсця Езуса Хрыста, а брэсцкія католікі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа паказалі ў выступленні праявы Божай міласэрнасці ў розных, нават безвыходных сітуацыях жыцця.

Гэтая ноч сапраўды, як здаецца, учыніла цуды. Напрыканцы сустрэчы ў цэнтральным касцёле Брэста адчуваўся дух еднасці, а моладзь за гэтыя некалькі гадзін стала як адна вялікая сям’я.

Марына Валасар, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.