Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Антон Анціпенка і Андрэй Багдановіч прынялі дыяканскае пасвячэнне
Беларусь - Пінская дыяцэзія
24.10.2016 11:03

22 кастрычніка ў пінскай катэдры навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага Антон Анціпенка і Андрэй Багдановіч прынялі дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі.

Як падкрэсліў у гаміліі біскуп Дзям'янка, яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства дыяканскі стан у Касцёле быў у вялікай пашане.

«Дыяканы дапамагаюць біскупам і святарам прапаведаваць Божае слова праз абвяшчэнне Евангелля, прамаўляючы гаміліі, удзяляючы святую Камунію і хрост, асістуючы пры заключэнні сакрамэнту сужэнства і іх благаслаўленні, праводзячы малітоўныя сустрэчы, заносячы паміраючым Віятык і ўзначальваючы пахавальныя набажэнствы», — нагадаў абавязкі дыяканаў іерарх.

Як дадаў біскуп Дзям'янка, дыяканат вучыць паставе служэння, якая павінна быць выпрацавана на ўсё святарскае жыццё. «Менавіта такога духу служэння патрабуе сёння Касцёл. На такі дух указвае ў сваім навучанні і Пётр нашых часоў — Папа Францішак. Хтосьці сказаў такія словы: "Мне гаварылі, што жыццё — гэта любоў, а я заўважыў, што жыццё — гэта служэнне. Я зразумеў, што служэнне з'яўляецца любоўю", — адзначыў іерарх. — Таму і мы павінны вучыцца такой паставе любові. (…) Увайдзіце ў час дыяканскай паслугі ў Касцеле з адкрытым сэрцам і адкрытымі вачыма. Няхай гэта не будзе толькі пераходны кароткі этап на шляху да святарства, няхай гэта будзе школа любові і служэння на ўсё святарскае жыццё».

Словам «прысутнічаю» кандыдаты выказалі гатоўнасць стаць пры Крыжы Хрыста, каб даваць сведчанне сваёй веры. «Вы пакліканы весці іншых да Бога, да неба, паказваючы ім звышнатуральныя вартасці. "Я гатовы" — гэта форма падрыхтаванасці, адказ на Божае пакліканне і намер ісці туды, куды пасылае Хрыстус, каб несці надзею, сеяць дабро», — звярнуўся да кандыдатаў ардынарый Пінскай дыяцэзіі і ўказаў на іх асаблівае пакліканне — «выканаць дыяконію надзеі ў сучасным свеце».

Праз ускладанне рук біскупа і малітву кансэкрацыі кандыдаты атрымалі моц дыяканскага служэння.

Іерарх выказаў радасць, што праз служэнне гэтых дыяканаў, а ў будучыні — прэзбітэраў, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі ў мясцовым Касцёле словы «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё… Бярыце і піце, гэта келіх Маёй Крыві…» будуць выказвацца з моцай і дзейсна.

Новапасвячаныя дыяканы запрашаюць моладзь Баранавіцкага і суседніх дэканатаў на святочную сустрэчу з нагоды іх пасвячэння, якая адбудзецца 29 кастрычніка ў 18.00 у парафіі Святога Зыгмунта ў Баранавічах. Сустрэча распачнецца святой Імшой і працягнецца ў дольным касцёле.

Падрабязная інфармацыя па тэлефоне:
+375 29 826 07 99 дыякан Антон Анціпенка.

Дк. Андрэй Багдановіч, (VGr)
Фота Арцёма Кір'янава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.