Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канцэрт праслаўлення ў Лагішыне: «Убачыць Езуса ў глыбіні свайго сэрца» (+відэа)
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.08.2016 03:27

Вечарам 21 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне прайшоў канцэрт праслаўлення. Узносіць хвалу Богу праз вядомыя і новыя спевы пілігрымам дапамагалі новы музычны гурт Пінскай дыяцэзіі «Крок за крокам» і яго кіраўнік кс. Аляксандр Канановіч.

Канцэрт праслаўлення распачаўся пасля вечаровай святой Імшы для пілігрымаў.

Традыцыя наладжваць канцэрты хрысціянскай музыкі трывае на ўрачыстасцях Маці Божай Лагішынскай ужо даўно. І кожны год усім вядомыя хрысціянскія спевы гучаць па-свойму.

Змяняецца склад гуртоў і самі гурты, вакал, гітарныя і драм-партыі, аранжыроўка становіцца больш сучаснай. Але не змяняецца атмасфера такіх канцэртаў. Моладзь танчыць, пляскае ў далоні і падпявае музыкам.

І, хоць на пачатку сёлетняга канцэрта праслаўлення моладзь не праяўляла звычайнай актыўнасці, ужо напрыканцы выступлення гурта танчылі і спявалі амаль усе.

«У нашых песнях заўсёды ёсць частка нашых разважанняў – гэта ўсё тое, што мы сустракаем у нашым жыцці, у тым ліку праблемы і крызісы. Але няхай заўсёды спявае наша душа і сэрца, каб мы бачылі Езуса там, у глыбіні. Бачылі тое, што Ён хоча сказаць кожнаму з нас праз сваю Маці, якая нас сёння з вамі сабрала», – заўважыў кс. Аляксандр Канановіч падчас выступлення.


Як і падчас вясновага канцэрта на сустрэчы моладзі ў Пінску, гурт «Крок за крокам» завяршыў сваё выступленне песняй «Малітва за Беларусь».

Узяўшыся за рукі і абняўшыся, моладзь Пінскай дыяцэзіі папрасіла Езуса «адрадзіць нашу краіну» і напоўніць благаслаўленнямі.


Марына Валасар,

Фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.