Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працэсія Божага Цела ў Гомелі: паказваць праўду веры сваім жыццём
Беларусь - Пінская дыяцэзія
30.05.2016 11:14

«Цяпер па вуліцы ідзе Кароль каралёў — Езус Хрыстус! Хто можа быць важнейшым за Яго?» — з гэтым пытаннем звярнуўся да гомельскіх вернікаў дапможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які ўзначаліў святочную Імшу і працэсію Божага Цела ў Гомелі 29 мая.

Католікі прайшлі ўрачыстай працэсіяй ад святыні да Дома міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. Як паведамляецца на katolik-gomel.by, колькасць удзельнікаў склала каля 250-300 чалавек.

 

«Мы даем сведчанне прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Калі б у горад прыехаў цар ці кароль — якая была б урачыстасць! Але цяпер па вуліцы ідзе Кароль каралёў — Езус Хрыстус! Хто можа быць важнейшым за Яго? Ён кіруе не горадам, не дзяржавай, а ўсім светам і асабістым жыццём кожнага. Хай горад бачыць, што ёсць людзі, якія не толькі працуюць або вучацца, але яшчэ і моляцца. Наша жыццё мае паўнату ў нашай веры ў Бога. Шукайце найперш Валадарства Божага, і ўсё астатняе будзе дадзена вам. Калі б усе людзі маліліся, не было б войнаў, рэвалюцый і гэтага мноства страшных злачынстваў. Усё гэта адбываецца там, дзе няма малітвы», — падкрэсліў біскуп Казімір Велікаселец.

«Браты і сёстры, давайце ўсвядомім, для чаго нам патрэбны Пан Бог, — каб мы засталіся людзьмі, каб кожны быў чалавекам з вялікай літары, такімі, якімі нас задумаў Бог, — працягваў іерарх. — Сказаў неразумны ў сэрцы сваім, што няма Бога. Давайце не будзем гэтымі неразумнымі, а наадварот, будзем паглыбляцца ў веру, паказваць праўду веры нашым сябрам, знаёмым, калегам. Перш за ўсё — сваім жыццём».

Біскуп Казімір Велікаселец нагадаў, што Хрыстус целам узышоў на Неба, але і прысутнічае целам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, калі мы прымаем святую Камунію.

«Усемагутны Бог, які стварыў увесь свет і кожнага з людзей, ёсць сярод нас у гэтым табэрнакулюме. Паглядзіце, які маленькі Бог! У якім маленькім доме знаходзіцца Цар цароў! Якая сціпласць! Які прыклад для нас! І Ён гаворыць нам: прыйдзіце да Мяне ўсе — са сваімі праблемамі ў асабістым жыцці, у здароўі, у працы, і Я дапамагу вам, вырашу вашы праблемы так, як не зможа вырашыць ні адзін міністр ці прэзідэнт. Гэта не фантазія, не філасофія, гэта рэальнасць», — дадаў іерарх.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.