Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Свету патрэбны прапаведнікі любові Бога»: дыяцэзіяльная сустрэча моладзі прайшла ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
10.05.2016 12:30

Малітвы ў духу супольнасці Тэзэ, спевы пад гітару, а таксама вясёлы вечар з канцэртам праслаўлення – усё гэта і не толькі яднала маладых вернікаў Пінскай дыяцэзіі падчас Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, якая прайшла ў Пінску 8 мая.

Майскія выходныя моладзь Пінскай дыяцэзіі вырашыла прысвяціць Богу. На вясновую сустрэчу прыехалі маладыя католікі з розных гарадоў дыяцэзіі, а таксама з суседняй архідыяцэзіі – з Мінска і Магілёва.

Каля 120 удзельнікаў гэтай моладзевай духоўнай імпрэзы «размаўлялі» з Богам малітвамі, спевамі і танцамі.

У вольны ж паміж пунктамі праграмы час жартавалі, рабілі фота і сэлфі з сябрамі і новымі знаёмымі ці размаўлялі за кубачкам гарбаты.

Пачалося мерапрыемства Вяночкам да Божай Міласэрнасці, а таксама сустрэчай з Божым словам і малітвай у духу супольнасці Тэзэ.

Насычацца духоўна таксама дапамагала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з пранікнёнымі спевамі пад гітару і невялікімі разважаннямі ў перапынках паміж песнямі.

Гэтая “размова” з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце і магчымасць паспавядацца сталі своеасаблівай падрыхтоўкай да святой Імшы.

Святую Імшу для маладых католікаў цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У сваёй гаміліі іерарх яшчэ раз нагадаў моладзі пра самую галоўную хрысціянскую каштоўнасць – любоў да Бога і бліжняга.

«Кожны чалавек таемна хоча быць любімым. І хоць слова “любоў” у сучасным свеце мае шмат значэнняў, хоць яно дэвальвуецца, сапраўдная любоў да кожнага існуе», — падкрэсліў біскуп.

Iерарх заўважыў, што пра любоў Бога нагадвае бягучы Год Міласэрнасці. «Мы разглядаем у гэтым годзе асаблівым чынам вялікую любоў, бязмежную любоў, любоў, якой ніхто з нас не заслугоўвае. Taк чалавека можа любіць толькі Бог. Ён не глядзіць на нашу слабасць, нашу грэшнасць. Ён чакае чалавека, як бацька, нават калі хтосьці сыходзіць, як блудны сын. Доказамі такога роду любові з'яўляецца тое, што для кожнага з нас Хрыстус добраахвотна аддаў жыццё на крыжы», — распавёў пінскі ардынарый.

Іерарх таксама падкрэсліў, што ўсе хрысціяне, і моладзь таксама, павінны сёння казаць іншым людзям, што Бог іх любіць.

«Хрысту сёння патрэбны людзі, гэтак жа, як калісьці апосталы, каб прапаведваць добрую вестку аб любові Бога, Айца ўсемагутнага, ва ўсім свеце», — падкрэсліў пастыр Пінскай дыяцэзіі і заклікаў «распазнаваць насенне чароўнага паклікання, абараняць яго і ўмацоўваць, каб яно дало плён у нашым уласным жыцці і было карысным для іншых».

Пасля святой Імшы прайшоў вясёлы вечар у двары Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага. Музыку для моладзі рыхтаваў новы музычны гурт Пінскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кс. Аляксандра Канановіча. Сам святар прызнаўся, што калектыў створаны адносна нядаўна і ўключае моладзь з Брэста, Баранавіч і Кобрына.

Гурт выканаў усім вядомыя хрысціянскія хіты ў новай цікавай музычнай апрацоўцы. Дарэчы, на момант пачатку канцэрту калектыў не меў сваёй назвы, таму музыкі наладзілі цэлы конкурс на лепшую назву гурта, якую павінны былі прыдумаць гледачы. У выніку з'явілася і назва, і энтузіязму ў музыкаў дадалося яшчэ больш.

Пад гітарныя партыі, гукі барабанаў і добры жаночы і мужчынскі вакал новага гурта пад назвай «Крок за крокам» моладзь танчыла і праслаўляла Бога, а ў перапынках паміж выступленнямі развучвала новыя танцы з сястрой Веранікай.

Скончылася сустрэча супольнай песняй «Малітва за Беларусь» і цёплымі размовамі каля вогнішча.

Марына Валасар,
Фота Андрэя Бурака і Марыны Валасар

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.