Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Акцыя «Стань семінарыстам на ўікэнд» прайшла ў семінарыі ў Пінску
Беларусь - Пінская дыяцэзія
09.05.2016 12:09

7-8 мая ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшла акцыя «Стань семінарыстам на ўікэнд». Такім чынам духоўная навучальная ўстанова далучылася да сусветнай ініцыятывы, асноўным прынцыпам якой з’яўляецца магчымасць паглядзець на жыццё тых, хто рыхтуецца да святарства, так бы мовіць, знутры.

24 юнакі, якія адважыліся зазірнуць у гэтыя дні за семінарыйныя дзверы і застацца ў сценах гэтай навучальнай установы, сталі не проста гасцямі. Кожны мог далучыцца да ўсіх малітваў семінарыстаў, разам з імі молячыся падчас святой Імшы, удзельнічаючы ў Літургіі гадзінаў і іншых набажэнствах.

Можна было выпрабаваць сябе і на ўзроўні інтэлектуальнай фармацыі, наведаўшы лекцыі і нават паспрабаваўшы здаць залік. Разам з семінарыстамі хлопцы не толькі праводзілі вольны час на гульні ў футбол альбо на кубку гарбаты, але і дапамагалі ў гаспадарчых працах, якімі штодзённа займаюцца навучэнцы семінарыі. Быў таксама час на тое, каб пагутарыць з рэктарам гэтай навучальнай установы і з навучэнцамі розных курсаў.

Семінарыя надалей запрашае жадаючых завітаць у яе на дзень-два, а самых адважных – і на шэсць гадоў.



Кс. Уладзімір Русак, seminaryja.by

Фота seminaryja.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.