У Брэсце абвалілася арка былога кляштара сясцёр бэрнардынак | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.02.2016 15:20

Бэрнардынскі жаночы кляштар у Брэсце, рэшткі якога знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай крэпасці, паступова знікае. Нядаўна падчас рэстаўрацыйных работ абвалілася яго арка.

Руіны Бэрнардынскага жаночага кляштара, які знаходзіцца недалёка ад Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра — гэта частка старога Брэста.

На неабходнасць захавання гэтай гістарычнай каштоўнасці не раз звярталі ўвагу мясцовыя СМІ. Шматлікія валанцёры клапоцяцца аб захаванні рэшткаў кляштара, пішуць звароты ў гарвыканкам.

Аднак мясцовыя ўлады так і не праводзяць работу па ўмацаванні або кансервацыі руін. У выніку на днях абвалілася арка кляштара пры спробе яе ўмацаваць.

«Падчас абвалу ніхто не пацярпеў, хоць побач з аркай знаходзіліся турысты», — паведамляюць у сацсетках валанцёры.

Бэрнардынскі кляштар разам з касцёлам у Брэсце быў пабудаваны ў 1605 годзе манахамі бэрнардынцамі. Спачатку ён быў драўляным. З ахвяраванняў Льва Сапегі і Яна Галемскага замест драўлянага пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, які ў 1623 годзе быў асвечаны ў імя Яна Хрысціцеля і святой Ганны.

Макет былога кляштара бэрнардынак у Брэсце

Ужо праз год, у 1624 годзе, быў таксама заснаваны жаночы драўляны кляштар. Пазней на тым жа месцы быў узведзены ўжо каменны касцёл і кляштар бэрнардынак, будаўніцтва якога было скончана ў 1750 годзе.

Кляштары бэрнардынцаў і бэрнардынак Брэста — адзіныя збудаванні гэтага ордэна ў Беларусі, што ўтварылі ансамбль, арганізаваны вакол плошчы.

Рэшткі кляштара бэрнардынак у Брэсце 

Да 1941 года ў кляштары размяшчаўся шпіталь. Тут у перыяд абароны крэпасці немцамі былі захоплены ў палон параненыя і ўрачы з медсёстрамі.

У пасляваенны час будынак выкарыстоўваўся ў якасці склада ваеннай часткі, што размяшчалася ў гэтым месцы. Пасля распаду СССР будынак паступова разбураўся.

Паводле katolik-gomel.by (MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by