Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У пінскай духоўнай семінарыі пачаліся рэкалекцыі на тэму паклікання
Беларусь - Пінская дыяцэзія
29.07.2015 15:42

Вечарам 28 ліпеня ў Міждыяцэзільнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску пачаліся духоўныя практыкаванні, прысвечаныя тэме хрысціянскага паклікання.

На рэкалекцыі прыбылі юнакі з розных рэгіёнаў Беларусі: дваццаць пяць чалавек з Пінскай дыяцэзіі, чатыры з Віцебскай дыяцэзіі і тры з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Праводзіць рэкалекцыі духоўны айцец навучэнцаў семінарыі а. Аркадзь Куляха.

Цэнтральным момантам першага інтэнсіўнага дня малітвы, разважанняў, цікавых сустрэч стала святая Імша, якую ўзначаліў новапрызначаны рэктар духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка. У гаміліі святар звярнуўся да маладых людзей з заклікам быць адважнымі ў адкрыванні свайго жыццёвага паклікання, дадзенага ад Бога. Узгадваючы словы Хрыста “Вы - соль зямлі, вы - святло свету” (Мц 5, 13-16), рэктар прывёў параўнанне паміж лямпай, якою ніхто не карыстаецца, і патэнцыялам адносінаў з Богам, які хрысціяне не заўсёды разумеюць. Святар дадаў, што менавіта ў жывых адносінах з Езусам крыецца таямніца шчасця, а вера, напоўненая слуханнем голасу Пана, адкрывае прастору для распазнання свайго месца ў гэтым свеце і Божым плане збаўлення.

У гэты ж дзень удзельнікі духоўных практыкаванняў мелі магчымасць сустрэцца на малітве з вялікімі гістарычнымі постацямі, якія стаялі ля вытокаў заснавання і адраджэння пінскай духоўнай семінарыі: Слугой Божым Зыгмунтам Лазінскім, першым біскупам Пінскай дыяцэзіі, а таксама святой памяці кардыналам Казімірам Свёнткам, адражэнцам гэтай духоўнай установы. Знаёмства з гісторыяй і сучаснасцю семінарыі, неверагодным жыццём гэтых вялікіх мужоў веры і малітва на месцы іх спачыну ў пінскай катэдральнай базыліцы сталі незабыўным перажываннем для юнакоў у першы дзень рэкалекцый.



Януш Чарнамораў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.