Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне біскупа Антонія Дзям’янкі ў сувязі з днём посту і малітвы ў інтэнцыі міру
Беларусь - Пінская дыяцэзія
04.09.2013 12:06

Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце: святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі Пінскай дыяцэзіі! У сувязі з рэальнай пагрозай вайны ў Сірыі і нарастаючым міжнародным напружаннем Святы Айцец Францішак заклікаў усіх хрысціянаў і людзей добрай волі да посту і малітвы 7 верасня 2013 года — напярэдадні свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Яднаючыся са Святым Айцом, які праяўляе асаблівы клопат аб людзях церпячых, у духу салідарнасці і паслухмянасці заахвочваю дзень 7 верасня 2013 года ўчыніць днём посту і малітвы. Заклікаю ўсіх вернікаў сабрацца ў гэты дзень у касцёлах на супольную малітву і перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам прачытаць Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана Езуса, а таксама памаліцца спевам суплікацыі “Святы Божа”. Святары могуць выбраць іншую форму набажэнства аб супакоі ў свеце. У выпадку філіяльных парафій і душпастырскіх пунктаў належыць вызначыць адказных за правядзенне малітваў. Усіх, хто ў гэты дзень не будзе мець магчымасці прыйсці ў святыню на спецыяльнае набажэнства па прычыне хваробы, абавязковай працы або з-за іншых перашкодаў, заахвочваю самім выбраць адпаведную малітву і спосаб ахвяравання, каб уключыцца ў агульную малітву і пост Касцёла.

Такім чынам, яднаючыся са Святым Айцом, сотнямі мільёнаў хрысціянаў і людзей добрай волі ва ўсім свеце, мы ўзнясём нашае маленне да Бога - Валадара Супакою, каб выпрасіць у Яго неабходныя ласкі для ўсталявання міру паміж народамі. Верым, што такі хрысціянскі акт малітвы і ахвяры дапаможа канфліктуючым бакам паўстрымацца ад насілля і кровапраліцця, забяспечыць мірную будучыню як для хрысціянаў, так і для ўсіх грамадстваў блізкаўсходняга рэгіёна і ўсяго свету.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

2 верасня 2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.