Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі пра сустрэчу з кардыналам П’етро Паралінам: «Мы размаўлялі пра важнасць захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў»
Беларуская Праваслаўная Царква
13.03.2015 12:13

13 сакавіка ў межах візіту ў Беларусь Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін сустрэўся з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам. Сустрэча адбылася ў Мінскім епархіяльным упраўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Распавядаючы пра сустрэчу з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел адзначыў: «Гэта быў візіт ветлівасці, візіт мірны, у чымсьці нават і пратакольны. Але я б нават і не назваў яго чыста пратакольным, таму што ён атрымаўся больш цёплым, адкрытым». «Якіхсьці сур’ёзных тэм і абмеркаванняў не было, — паведаміў Патрыяршы Экзарх. — Мы размаўлялі аб узаемадзеянні Рускай Праваслаўнай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла. Сёння ў нас ёсць вельмі шмат тэм для абмеркавання, для разважанняў. Мы не гаворым пра экуменізм, пра экуменічнае збліжэнне; сёння як Рускую Праваслаўную Царкву, Беларускую Праваслаўную Царкву, так і Рыма-Каталіцкі Касцёл — усіх хвалюе сучасны стан рэчаў, хвалюе пытанне аб захаванні духоўна-маральных каштоўнасцяў».

«Мы ўзгадалі пра IV Праваслаўна-Каталіцкі форум, які прайшоў у Мінску ў мінулым годзе, узгадалі выказванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, — дадаў Мітрапаліт Павел. — Вельмі высока мы ацанілі выказванне Прэзідэнта адносна духоўна-маральных каштоўнасцяў перад гэтым форумам, калі кіраўнік дзяржавы, прымаючы нас, сказаў, што мы павінны рабіць усё магчымае, каб захаваць духоўна-маральныя каштоўнасці».

«Гэтыя каштоўнасці — аснова жыцця нашага грамадства, таму што яны — аб’яўленая Богам праўда, і наша задача іх захаваць, — сказаў Патрыяршы Экзарх. — Гэтая думка праходзіла на працягу ўсяго форума, і сёння мы таксама ўспаміналі пра важнасць захавання гэтых каштоўнасцяў. Яны неабходныя нам кожны дзень».

Па словах Мітрапаліта Паўла, падчас сустрэчы з кардыналам П'етро Паралінам гаварылася і пра тое, што «і Праваслаўная Царква, і Рыма-Каталіцкі Касцёл робяць сёння ўсё магчымае, каб захаваць мір». «Беларусь і Расія сёння — яркі прыклад добрага суіснавання розных веравызнанняў у міры і згодзе. Мы адзначылі таксама цяжкі ўрок, які дае Украіна. Мір крохкі, і мы павінны яго захаваць», — заўважыў Патрыяршы Экзарх.

(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.