Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25-годдзе святарства адзначыў кс. Пётр Пятрага — адзін з першых у нашай краіне святароў пасля распаду Савецкага Саюза
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.06.2017 09:10

31 мая 25-годдзе святарства адзначыў кс. Пётр Пятрага. Гэты святар быў першым каталіцкім душпастырам у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які пасля распаду Савецкага Саюза атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук кардынала Казіміра Свёнтка.

«31 мая 1992 года кардынал Казімір Свёнтэк удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне першаму ў архідыяцэзіі пасля распаду Савецкага Саюза каталіцкаму святару. Гэта быў сённяшні юбіляр кс. Пётр Пятрага, які адзначае 25-гадовы юбілей святарскага жыцця», — гэтымі словамі дэкан Вілейскі кс. Аляксандр Барыла прывітаў на пачатку святой Імшы пробашча касцяневіцкай парафіі кс. Пятра Пятрагу.

Прывітаўшы юбіляра, кс. дэкан звярнуўся з віншаваннямі і да прысутнага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які таксама 31 мая адзначае гадавіну прэзбітэраскага пасвячэння — сёлета ўжо 36-ю.

З нагоды юбілею да кс. Пятра прыбылі аднакурснікі, святары з парафій дэканата і з розных куткоў Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш, які ўзначаліў святую Імшу, у гаміліі выказаў удзячнасць юбіляру за яго святарскае служэнне.

«Толькі святар можа цэлебраваць святую Імшу, толькі святар можа цэлебраваць іншыя сакрамэнты… Многія з нас сёння глядзяць з надзеяй у неба — чакаюць дождж. Дождж, які дае рост агародніне, жыту, пшаніцы. Божая ласка з’яўляецца жыццядайным дажджом для сушы людскіх душаў. І гэты дождж Божай ласкі праз цэлебрацыю святых сакрамэнтаў святар выпрошвае для давераных яму людзей», — адзначыў Мітрапаліт.

Узгадваючы словы святога Яна Паўла ІІ пра сакрамэнт святарства, які Пантыфік называў дарам і таямніцай, арцыпастыр растлумачыў сэнс і напрамак святарскага жыцця, якое немагчыма замяніць ніякай іншай прафесіяй ці паслугай.

Напрыканцы Эўхарыстыі кс. Пётр падзякаваў Мітрапаліту Тадэвушу за цэлебрацыю святой Імшы, святарам і парафіянам — за прысутнасць і супольную малітву.

Святара-юбіляра павіншавалі парафіяне, прадстаўнікі аддзела культуры і ўлады.


Кс. Юзаф Сярпейка (VGr)
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.