Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB сустрэўся з вернікамі Вілейшчыны
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.03.2017 16:10

12 сакавіка ў другую нядзелю Вялікага посту біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, а таксама сустрэўся з вернікамі іншых парафій Вілейшчыны.

На працягу дня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам з пробашчам вілейскай парафіі кс. Аляксандрам Барылам і вікарыем кс. Юзафам Сярпейкам наведваў парафіі, у якіх нясуць служэнне вілейскія святары.

Першым месцам візіту іерарха стала парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Максімільяна Кольбэ ў Куранцы. Біскуп наведаў мясцовую капліцу, дзе прамовіў гамілію і ўдзяліў сакрамэнт пакаяння. Іерарх заахвоціў вернікаў вучыцца давяраць Богу, «выходзіць са сваёй зямлі па прыкладу Абрагама» і з верай адказваць на Божае пакліканне.

У гэты дзень іерарха вітала таксама парафія Божай Міласэрнасці ў Любані, вернікі якой папрасілі біскупа ўдзяліць Божае благаслаўленне на далейшае развіццё парафіі. Іерарх выказаў радасць, што вернікі збіраюцца на супольную малітву і пажадаў ім ніколі не пакідаць Езуса, надалей умацоўваць веру і перадаваць яе наступным пакаленням.


У Вілейцы дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі вілейскай парафіі. Напачатку Эўхарыстыі біскуп выказаў радасць, што вера на гэтай зямлі развіваецца — у касцёле багата дзяцей і моладзі. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў практыкаваць веру, усцяж імкнуцца адыходзіць ад сваёй грахоўнасці і крочыць да святасці. Біскуп падкрэсліў, што Божае слова жывое і дзейснае, здольнае перамяніць жыццё чалавека, які адкрывае на яго сваё сэрца. Іерарх заахвоціў парафіянаў падчас Вялікага посту замяніць інтэрнэт і тэлебачанне на чытанне і пазнаванне Святога Пісання.

Пасля Эўхарыстыі біскуп узначаліў набажэнства Крыжовага шляху, падчас якога разважалі пра святарскае жыццё і маліліся за святароў.

Наступным месцам візіту стала парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вязыні. Падчас сустрэчы з мясцовымі вернікамі біскуп Аляксандр распавёў пра сітуацыю Касцёла на Магілёўшчыне, узгадаў пра моцную веру людзей, якія жылі на тых землях, і душпастырскую працу, якую праводзяць святары ва ўсходняй частцы Беларусі сёння. Іерарх пажадаў мясцовым парафіянам не стамляцца быць руплівымі ў духоўным жыцці, даваць сведчанне малодшаму пакаленню, а таксама заахвоціў цаніць дар Божага дому і дбаць пра святыню.

Пасля Вязыні біскуп Аляксандр наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Іллі. Біскуп звярнуўся да вернікаў з навукай, а таксама служыў у сакрамэнце пакаяння і паяднання. Напрыканцы сустрэчы іерарх заахвоціў мясцовых парафіянаў маліцца аб пакліканнях і быць моцнымі ў веры.

Напрыканцы візіту на Вілейшчыну біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў вілейскай парафіі за падтрымку Касцёла на Магілёўшчыне, а таксама за малітоўную і матэрыяльную падтрымку кс. Андрэя Кеўліча і кс. Паўла Адамовіча, якія раней служылі ў вілейскай парафіі, а цяпер працуюць на Магілёўшчыне.

Таксама іерарх выказаў падзяку святарам з вілейскай парафіі — кс. Аляксандру Барылу і кс. Юзафу Сярпейку — за руплівую душпастырскую працу і ахвярнасць, з якой яны нясуць Езуса Хрыста шматлікім людзям, пакідаючы для свайго адпачынку ў нядзельны дзень толькі паўтары гадзіны вольнага часу.  

«Я не хаваю сваёй стомленасці, — адзначыў на заканчэнне дня біскуп Аляксандр, — але гэтая стомленасць вельмі радасная, бо я правеў цэлы дзень у святарскім служэнні пастыраў Вілейшчыны, сустрэўся тут з жывой супольнасцю вернікаў. Я вельмі высока ацаніў руплівае служэнне мясцовых святароў, я ўбачыў актыўнасць і глыбіню вернікаў. Я ўжо даўно не перажываў такога дня! Я з вамі быў шчаслівы!»

Кацярына Дурко (VGr)
Фота Кацярыны Дурко і Аксаны Бажко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

24.03 15:00У «Хатыні» ўсталявалі і благаславілі крыж — першы за ўсю гісторыю мемарыяльнага комплекса
22.03 16:23Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўручыў Бібліі слухачам катэхез пры парафіі ў Маладзечне
21.03 11:05Кс. Юзафа Пятушку МІС павіншавалі з 60 гадавінай святарства
20.03 14:07Апостальскі Нунцый асвяціў бакавы алтар у касцёле парафіі Св. Юзафа ў Валожыне
17.03 19:24Мітрапаліт Кандрусевіч: св. Патрык быў выкрадзены ірландскімі разбойнікамі, і гэтае здарэнне прывяло яго да Бога
13.03 16:10Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB сустрэўся з вернікамі Вілейшчыны
10.03 19:45Мітрапаліт Кандрусевіч: не толькі вялікі грэх небяспечны, але і малы
09.03 20:13У Мінску Мітрапаліт Кандрусевіч памаліўся з прадстаўнікамі літоўскай дыяспары
06.03 15:51Парафіяльнае свята ва ўспамін св. Казіміра прайшло ў парафіі ў Магілёве
05.03 19:42Іерархі архідыяцэзіі павіншавалі кс. Казіміра Шыдэлку SDB з імянінамі (абноўлена)