Мітрапаліт Кандрусевіч: помста — гэта закон Старога Запавету | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.02.2017 09:12

«”Вока за вока і зуб за зуб” — такім быў закон Старога Запавету, які абмяжоўваў адносіны паміж людзьмі ў сферы любові. Ён нагадваў пра неабходнасць злом адказваць на зло. Помста тым, хто нам учыніў зло, была ўзаконенай. Яна стала прычынай помслівых паводзін паміж людзьмі», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас святой Імшы ў мінскай архікатэдры 19 лютага.

Такім чынам, як падкрэсліў у сваёй гаміліі іерарх, «закон любові да бліжняга, існуючы і ў Старым Запавеце, быў моцна абмежаваны». «Быў ён таксама абмежаваны і самім паняццем бліжняга. Нездарма тады часта задавалася пытанне: “Хто мой бліжні?”» — дадаў арцыпастыр.

Нягледзячы на два тысячагоддзі абвяшчэння Евангелля, як сцвердзіў Мітрапаліт Кандрусевіч, «закон Старога Запавету, на жаль, у пэўным сэнсе дзейнічае».

Іерарх падкрэсліў, што ў кожнай сітуацыі трэба «кіравацца вучэннем Езуса пра любоў да Бога і бліжняга». «Абмежаванне права любові і звужэнне паняцця “бліжні” з’яўляецца знакам нашай духоўнай нясталасці», — сцвердзіў арцыпастыр.

(DN), (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by