Cалезіянская моладзь паставіла калядны спектакль «Сон перад Калядамі» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.01.2017 09:08

8 студзеня ў араторыі імя святога Яна Боско моладзь салезіянскай парафіі Cв. Яна Хрысціцеля ў Мінску прадставіла калядны спектакль «Сон перад Калядамі». Галоўным рэжысёрам пастаноўкі з’яўляецца Анастасія Субач, салезіянскі аніматар.

Cпектакль распавёў невялікую гісторыю, якая адбылася напярэдадні Божага Нараджэння. Галоўныя героі — пабожная дзяўчына і яе бабуля — сталі ўвасабленнем «канфлікту пакаленняў». Большасць з сучаснай моладзі і дзяцей, якія прыходзяць у касцёл альбо царкву, пазналі Бога дзякуючы бабулям і дзядулям, якія перадалі ім веру як спадчыну, спадзеючыся, што і яны перададуць гэты скарб сваім нашчадкам. Але, як гэта часта бывае, а асабліва ў XXI стагоддзі, «вера ў Бога» звужаецца да традыцый, да святкавання Божага Нараджэння і Вялікадня.

У спектаклі гледачы сутыкаюцца з адваротнай сітуацыяй, калі бабуля не лічыць абавязковым наведванне святыні, а Божае Нараджэнне для яе — адна з магчымасцяў сустрэцца з сяброўкамі альбо толькі казка з дзяцінства. Пабожная ўнучка спрабуе паказаць сваёй бабулі сапраўдны сэнс гэтага свята.

Пасля размоваў з унучкай у сне да жанчыны прыходзіць Анёл Ахоўнік, разам з якім яна ўспамінае гісторыю Божага Нараджэння. Анёл дапамагае бабулі навярнуцца і нанова абудзіць у сабе пачуццё Божага дзіцяці. Сон скончыўся, але пакінуў жанчыне багата думак для роздуму.

Напрыканцы вечара кс. Павел Шчарбіцкі SDB падкрэсліў галоўную думку спектакля: «Я — дзіця Божае!» Святар пажадаў прысутным не забываць пра сваё паходжанне і прыналежнасць, не забываць, што кожны з’яўляецца Божым дзіцём.

Паводле sdb.by
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by