Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вынішчы — вёска, якую ў вайну ўратавалі крыжы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.12.2016 10:00

Не ўсе беларускія вёскі перажылі нямецкую акупацыю ў Другую сусветную вайну. На Случчыне толькі за студзень-сакавік 1943 года былі знішчаны 29 вёсак. Вёска Вынішчы ўцалела дзякуючы цуду — вёску ўратавала вера, як сведчаць мясцовыя жыхары.

Catholic.by пагутарыў з відавочцамі тых падзей.

Альфон Лабковіч у лютым 1943 года жыў у вёсцы Вынішчы, якую людзі да сёння называюць «Вынісцы». У свае 93 гады ён — найстарэйшы сведка падзей, якія адбыліся ў гэтай вёсцы.

«Калі ў нашых ваколіцах з’явілася больш партызан, немцы сталі паліць прылеглыя вёскі. Вялікія сёлы яны не чапалі — наша ж вёска вялікай не была, таму пагрозу мы адчувалі. Не ведаю, хто першы з аднавяскоўцаў гэта прыдумаў, але людзі захацелі паставіць вакол вёскі крыжы. Ахвяраваліся.

Мужчыны на конях паехалі ў лес па дровы, а жанчыны абдзенна (дыял. — «за адзін дзень») ткалі палатно. Крыжы вакол вёскі ставілі, ідучы працэсіяй і спяваючы касцёльныя песні.

Падчас працэсіі дзяўчаты-блізняты неслі сатканае за дзень палатно, з якім працэсія спынялася ля крыжоў. Было гэта 19 лютага 1943 года. [А як вёска ўцалела] вырашылі адзначаць гэтую дату кожны год».

Марыі Паўлаўне Лабковіч было тады толькі сем гадоў. Ва ўсталяванні крыжоў непасрэдны ўдзел прымаў яе бацька.

Вось як яна прыгадвае тыя часы: «Бацька мой разам з суседам былі аднымі з тых, хто 19 лютага паставіў адзін з тых крыжоў. Вёска нашая была веруючая. Мы хадзілі ў касцёл, пакуль яго зусім не зачынілі. Вынісцы нашы аказаліся паміж немцамі і партызанамі. Ноччу па ежу ў хату прыходзілі партызаны, а днём — немцы...»

Бацька Марыі Аляксандраўны Скурскай таксама быў удзельнікам тых падзей.

«Мой бацька з суседам паехалі ў лес на санях, прывезлі бервяно і паставілі ў вёсцы крыж, — прыгадвае жанчына, якой тады было 11 гадоў. — Калі яны ехалі, ляжаў снег, бо гэта была зіма. Крыжы ставілі, каб не спалілі вёску. Такая была ахвяра».

Адным са сведкаў усталявання крыжоў быў і ўжо спачылы Юзаф Лабковіч. Пра яго ўзгадвае ўнучка Святлана: «Дзядуня распавядаў майму тату, што быў хлопчыкам, калі ставілі крыжы. Вельмі добры быў мой дзед. У Бога верыў, і мне веру перадаў. Заўсёды стараўся дапамагчы пры касцёле. На жаль, у апошнія гады жыцця ў касцёл ужо не хадзіў — далёка, цяжка».

Усяго за дзень 19 лютага тады было пастаўлена пяць крыжоў. Палатно, якое неслі ў працэсіі, рассцілалі, падыходзячы да кожнага крыжа. Потым палатно занеслі ў капліцу на могілках у суседняй вёсцы Ленькі (на фота ўнізе).


Вынішчы і Ленькі сёння належаць да парафіі Святой Барбары. Старажытны касцёл пад гэтым тытулам знаходзіцца ў вёсцы Замосце.

Праз чатыры дні, 23 лютага 1943 года, было спалена дзевяць вёсак, а Вынішчы ацалелі.

Яшчэ адной жыхарцы Вынішчаў, Юсціне Васільеўне Калядзе, было тады дзевяць. Пра ўратаванне вёскі яна дадае: «З таго часу кожны год 19 лютага жыхары сталі хадзіць вакол вёскі, падыходзілі да кожнага крыжа і прасілі, каб Бог засцярог ад вайны».

А да крыжоў у Вынішчах і суседніх вёсках засталося асаблівае стаўленне: кожны вернік час ад часу прывязвае да крыжа светлую хустку з вышытым на ёй крыжам.

Падрыхтаваў кс. Кірыл Бардонаў

Глядзі таксама:

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.