Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч на ўрачыстасці ў Замосці: «Свабода — гэта вялікі Божы дар, але адначасова — і выклік»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.12.2016 20:53

4 снежня ў парафіі Св. Барбары ў Замосці адбыўся парафіяльны фэст. Святую Імшу з гэтай нагоды ў парафіі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваёй гаміліі іерарх нагадаў пра асаблівую ролю Бога ў жыцці чалавека. «Калі ў душы няма Бога, то няма і жыццёвага арыенціру, няма фундаменту, на якім можна будаваць сваю будучыню. А гэты арыенцір і падмурак патрэбныя.


Вельмі часта мы не ведаем, якой дарогай ідзём. Нярэдка нам усё роўна і мы жывём як жывецца, не задумваючыся аб тым, ці адпавядае наша жыццё Божаму плану. Гэта можа скончыцца трагедыяй.

Як без падмурку нельга збудаваць дома, а без арыенціру — накіроўвацца ў адпаведным напрамку, так і без духоўнага фундаменту, якім з’яўляецца вера, і духоўнага арыенціру, якім з’яўляецца Евангелле, нельга будаваць шчаслівае жыццё», — сказаў арцыпастыр.

Узгадваючы гісторыю жыцця св. Барбары, успамін якой адзначаўся ў гэты дзень, Мітрапаліт распавёў яе біяграфію і дадаў, што святая ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве.


Святая Барбара лічыцца апякункай шахцёраў, паміраючых, будаўнікоў і пажарнікаў. У іканаграфіі яна прадстаўляецца як прынцэса, якая замкнута ў вежы. Яе атрыбутамі з’яўляюцца пальма мучаніцтва і келіх.

«Святая Барбара нарадзілася ў вельмі багатай язычніцкай сям’і. Бог адарыў яе не бачнай дагэтуль прыгажосцю і здольнасцямі. Яе бацька, імкнучыся захаваць яе ад згубнага ўплыву амаральнай моладзі і ўплыву хрысціянства, замкнуў дачку ў вежы».

Але ён дазваляў настаўнікам вучыць яе. Сярод іх быў і хрысціянін, які распавёў дзяўчыне пра хрысціянства.

«Яго ўплыў быў такі вялікі, што Барбара патаемна ахрысцілася і пастанавіла жыць у духоўнай чысціні. Яна не згадзілася адрачыся ад сваёй веры, калі бацька пра ўсё даведаўся, і яе закатавалі».

Праводзячы паралель з сённяшнім часам, арцыбіскуп нагадаў, што «нашы суайчыннікі падчас трох пакаленняў пераследу веры мужна яе баранілі, нават да праліцця крыві».



Іерарх дадаў, што, «нягледзячы на цяжкія ўмовы, нашы бабулі і дзядулі захавалі веру і перадалі маладым пакаленням»:

«Мы цешымся прадказанай Марыяй у Фаціме амаль 100 гадоў таму свабодзе веравызнання. Свабода — гэта вялікі Божы дар, але адначасова гэта таксама і выклік.

На жаль, чалавек часта думае, што свабода — гэта дазвол чыніць усё, што хочацца. Як хрысціяне, пад свабодай мы павінны разумець жыццё паводле Божага закону. Калі мы забываемся пра гэта, з’яўляюцца многія праблемы».

Поўны тэкст гаміліі тут››

Мітрапаліт прывёў прыклад, паказваючы, што сёння чалавек мае больш магчымасцяў духоўна ўдасканальвацца, але сучасны хрысціянін не заўсёды іх выкарыстоўвае.

«Часта жывём так, як быццам Бога няма. Нам ніхто не забараняе практыкаваць нашу хрысціянскую веру, як гэта было ў выпадку са св. Барбарай, але мы самі адмаўляемся. Замест Бога выбіраем матэрыяльныя каштоўнасці, не заўсёды маральныя прыемнасці і задавальненні і г.д.».


Як нагадаў іерарх, святая Барбара добра ведала, да чаго імкнулася, ведала, што шлях у Божае Валадарства нялёгкі — для яе ён стаў шляхам мучаніцтва.

«Святая Барбара, наша апякунка. Ты ўжо чатыры стагоддзі падтрымліваеш веру гэтага народу. Выпрасі ў Бога ласку, каб мы не паддаліся секулярным выклікам нашага часу, але заўсёды заставаліся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню», — заключыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(DN), (IL)
фота с. Марцэліны Мігач ISSM

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.